Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/240

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

блузе і з рыдлёўкай на плячах. Фашлеван зірнуў на незнаёмага і запытаў:

— Хто вы такі?

— Магільшчык, — адказваў той.

Калі-б куля ўдарыла Фашлевана проста ў грудзі, то ён не быў-бы больш уражаны.

— Вы — магільшчык?

— Так, я.

— Дык-жа магільшчык бацька Мест'ен!

— Быў калісьці, а цяпер ён памёр.

Фашлеван чакаў усяго, апрача таго, што магільшчык можа памерці таксама, як і іншыя людзі. Тым не менш гэта так: яны доўга капаюць ямы іншым, покуль, нарэшце, самі пападаюць у яе. Фашлеван спыніўся і ледзь здолеў прамармытаць:

— Але гэта немагчыма!

— Гэта так.

— Магільшчык-жа — бацька Мест'ен!

— Пасля Напалеона — Людовік ХVІIІ, пасля Мест'ена — Грыб'е; мяне завуць Грыб'е.

Фашлеван, смяртэльна бледны, глядзеў ва ўсе вочы на гэтага Грыб'е.

Гэта быў чалавек высокага росту, худы, слабы на выгляд, вельмі пануры.

Фашлеван раптам рассмяяўся:

— Вось якая пацеха на свеце бывае! Бацька Мест'ен памёр, затое няхай жыве бацька Ленуар! Ведаеце, ён там, у шынку, блізка адсюль. Мы вып'ем з вамі, таварыш,

— Я ніколі не п'ю, — адказаў Грыб'е.

Працэсія, між тым, зноў рушыла наперад і хутка, звярнуўшы з галоўнай алеі могільніка, спынілася ля падрыхтаванай магілы.

З ілба Фашлевана буйнымі кроплямі ліўся пот. Ён з тугою азіраўся вакол.

Жан Вальжан, між тым, лежачы ў труне, ледзь дыхаў. Тым не менш ён быў зусім спакойны, разлічваючы, падобна да Фашлевана, на поўны поспех задуманай зацеі.

Чатыры трунныя дошкі навяваюць нейкую злавесную цішу. Спакою Жана Вальжана перадаўся, здавалася, спакой смерці. З цемры труны ён мог сачыць і сачыў за ўсімі пераходамі страшнай драмы, якую ён разыгрываў са смерцю.

Праз хвіліну пасля таго, як Фашлеван забіў века, Жан Вальжан адчуў, як яго выносяць, потым вязуць. Па штуршках, якія зрабіліся больш слабымі, ён зразумеў, што з бруку з'ехалі на небрукаваную зямлю і едуць па бульварах. Па глухому грукату здагадаўся, што пераязджаюць