Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/239

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

труны, то я ручаюся, што выцягну вас жывым з ямы. Магільшчык, мой прыяцель Мест'ен, — вялікі п'яніца. Мы прыедзем на могілкі, поп вас адчытае за дзве хвіліны і пойдзе. Потым факельшчыкі апусцяць труну ў яму і таксама пойдуць. Мы з магільшчыкам астанемся ўдваіх. Гэта будзе якраз перад тым, як пачнуць запіраць вароты могілак. Тады я скажу Мест'ену: давай пойдзем, праглынем па чарачцы, нябожчык не ўцячэ. Мы ідзем у бліжэйшы шынок, я падпойваю старога, што зрабіць вельмі лёгка, адбіраю ў яго ўваходны білет на могілкі і вяртаюся назад. Тады ўжо вам прыдзецца мець справу толькі са мною.

Жан Вальжан працягнуў яму руку. Той паціснуў яе з гарачай шчырасцю.

— Дык вырашана, бацька Фашлеван. Усё пойдзе гладка і добра.

„Абы толькі што не перашкодзіла, — падумаў Фашлеван. — А раптам усё гэта павернецца ў дрэнны бок?“

На другі дзень, на захадзе сонца, прахожыя набажна знімалі капелюшы і хрысціліся па шляху катафалка старадаўняга ўзору, аздобленага чарапамі, двума накрыж складзенымі касцямі і слязамі. На катафалку стаяла труна, пакрытая белым пакрывалам, пасярод якой нашыт быў вялізны чорны крыж, нібы мярцвяк, які звесіў уніз рукі. За катафалкам ехала карэта, у якой сядзеў поп, а ўслед за труною ішлі факельшчыкі і стары кульгавы рабочы. Працэсія накіроўвалася да могілак Важырар.

Сонца не зусім яшчэ схавалася за гарызонтам, калі катафалк уехаў у вароты могільніка. Кульгавы рабочы, які ішоў за труною, быў стары Фашлеван. Усё зрабілася без ніякай перашкоды: маці Крусіфіксіён была пахавана пад алтаром, Казета вынесена ў карзінцы, Жан Вальжан без перашкоды ўкладзены ў труну.

Фашлеван кульгаў вельмі здаволены за катафалкам. Спакой Жана Вальжана падзейнічаў і на яго, і ён не сумняваўся ў поспеху пачатай справы. Аставалася зрабіць дробязь. Магільшчык Мест'ен быў у яго руках, ён рабіў з ім што хацеў.

Фашлеван паціраў рукі ад задавалення. Шчаслівы і задаволены, пазіраў ён на катафалк, мармычучы сабе пад нос:

— Вось дык штучка!

Раптам працэсія спынілася: пад'ехалі да рашоткі могілак. Трэба было прад'явіць пасведчанне на пахаванне. Адзін з служыцеляў уступіў у перагаворы з вартаўніком. У гэты час якісьці чалавек наблізіўся да дрогаў і пайшоў поруч з Фашлеванам. Гэта быў таксама рабочы ў шырокай