Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/237

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ах, так… — ускрыкнуў Фашлеван.

Манашка перахрысцілася. Канец слова захрас у горле Фашлевана.

— Я насыплю зямлю ў труну, — сказаў ён, нарэшце. — Яны падумаюць, што там ляжыць хто-небудзь.

— Ваша праўда. Зямля той-жа прах, што і чалавек. Дык вы ўладзіце з гэтай пустой труной?

— Усё ўладжу.

Твар манашкі, да гэтага часу хмурны, праясніўся. Яна зрабіла знак садоўніку, што адпускае яго. Фашлеван накіраваўся да выхаду. Калі ён узяўся за ручку дзвярэй, ён пачуў ласкавы голас ігуменні:

— Бацька Фаван, я вамі здаволена. Заўтра пасля пахавання прывядзіце да мяне вашага брата і скажыце, каб ён узяў з сабою і дзяўчынку.

ХLVІІ

ЖЫВЫМ ПАХАВАНЫ

Фашлеван быў так усхваляваны вышэйпаданай гутаркай, што страціў цэлых чвэрць гадзіны на тое, каб дайсці да сваёй каморкі. Калі ён увайшоў, то Казета ўжо прачнулася і сядзела ля агню. Жан Вальжан, паказваючы ёй на карзінку, што вісела на сцяне, гаварыў:

— Слухай добранька, Казетачка. Нам трэба будзе выйсці адсюль, але мы хутка зноў вернемся, і нам тут будзе добра. Стары вынесе цябе адсюль у гэтай карзінцы. Ты пачакаеш мяне ў адной жанчыны. Я па цябе прыду. Галоўнае, калі не хочаш зноў папасці да Тэнард‘е, слухайся і маўчы.

Казета сур'ёзна кіўнула галавой.

Пры ўваходзе Фашлевана Жан Вальжан абярнуўся.

— Ну што-ж? — запытаў ён.

— Усё ўладжана, і нічога не зроблена, — адказваў Фашлеван. — Я атрымаў дазвол прывесці вас. Але для гэтага трэба вас спачатку вывесці. У тым вось і ўся справа. Для дзяўчынкі то гэта лёгка. А вось з вамі як, бацька Мадлен?

Потым дадаў з трывожным нецярпеннем:

— Ды выходзьце так-жа, як і прышлі.

Жан Вальжан адказаў адным толькі словам: „Немагчыма“.

Фашлеван, між тым, размаўляючы хутчэй сам з сабою, чым з Жанам Вальжанам, мармытаў:

— Яшчэ адно мяне турбуе: як гэта я накладу зямлю? Яна, глядзі, будзе перасыпацца, калі падымуць труну. Гэта адразу заўважаць, і заварыцца каша.