Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/231

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пяяўшых завутраню; пануры зал, што тануў у поўзмроку, была капліца; здань, распасцёртая на каменных плітах, — сястра на малітве.

Калі Казету паклалі, Жан Вальжан і стары садоўнік павячэралі, як мы ўжо бачылі, кавалкам хлеба і сырам, выпілі па шклянцы віна, і паколькі ў каморцы быў адзін толькі ложак, на якім спала Казета, то старыя ляглі кожны на бярэмцы саломы на падлозе.

Перш чым заснуць, Жан Вальжан сказаў:

— З сёнешняга дня я павінен астацца тут.

Гэтыя словы ўсю ноч гучэлі ў вушах Фашлевана.

Па сутнасці, ні той, ні другі не заплюшчвалі вачэй.

Жан Вальжан, ведаючы, што Жавер сочыць за ім па пятах, адчуваў, што і ён, і Казета загінулі-б, калі-б рыскнулі паказацца ў Парыжы. Новы парыў ветру, які пранёсся над ім, занёс яго ў гэты манастыр, і Жан Вальжан толькі і думаў пра тое, як-бы тут астацца. Для няшчаснага ў яго становішчы месца гэтае ў адзін і той-жа час было самае небяспечнае і самае надзейнае. Небяспечнае таму, што ніводны мужчына не меў права з‘явіцца ў манастыры, і калі выкрыюць яго прысутнасць тут, то ён проста адсюль пападзе ў турму. Надзейнае таму, што калі-б яму дазволілі астацца, то ніхто не прышоў-бы шукаць яго тут. Жыць у недаступным месцы — паратунак.

З свайго боку Фашлеван ламаў сабе галаву. Ён прызнаўся сабе, што нічога не разумее ва ўсім гэтым. Якім чынам апынуўся пан Мадлен унутры гэтых сцен? Пераступіць-жа праз іх нельга. І што гэта з ім за дзіця? Адкуль яны абодва з‘явіліся? З таго часу, як Фашлеван пайшоў з М., ён нічога не ведаў аб падзеях, якія там адбыліся. Выгляд айца Мадлена не дазваляў задаваць пытанні. Да таго-ж Фашлеван казаў сабе: „Нельга дапытваць святога чалавека“. Для яго пан Мадлен астаўся тым-жа самым, чым быў. З некалькіх слоў, кінутых панам Мадленам, Фашлеван вывеў сабе заключэнне што ён абанкроціўся і цяпер хаваецца ад крэдытараў. А, можа, яго абвінавачваюць у якім-небудзь палітычным злачынстве? Таму ён выбраў манастыр месцам свайго сховішча, і вельмі натуральна, што жадае ў ім астацца. Усё-такі невытлумачальная рэч, як ён апынуўся тут і з гэтай дзяўчынкай. Адна думка толькі ярка вырысоўвалася ў мазгах Фашлевана: „Пан Мадлен выратаваў мне жыццё“. Гэтая ўпэўненасць рассейвала ўсе яго сумненні. „Цяпер настала мая чарга, — гаварыў ён сабе і дадаваў унутрана: — Пан Мадлен не разважаў, калі трэба было выцягваць мяне з-пад воза“. І ён рашыў, што выратуе Мадлена.