Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

сваіх дамоў, аглядалі гэтага падарожнага з некаторай трывогай. Цяжка было спаткаць чалавека з больш жабрацкім выглядам. Ён быў сярэдняга росту, прысадзісты і шыракаплечы. На выгляд яму было год сорак шэсць—сорак восем. Шапка са скураным казырком напалову хавала яго загарэлы, страшэнна стомлены твар. Грубая палатняная кашуля, зашпіленая ля горла невялікім срэбным якарам, пакідала аголенымі валасатыя грудзі. Сінія парцяныя штаны, паношаныя і пацёртыя, пабялелі на каленках; старая шэрая блуза—адны лахманы, была на локцях залатана зялёным сукном, прышытым тоўстымі ніткамі. На спіне вісеў салдацкі ранец, старанна завязаны і зусім новы. У руках ён трымаў сукаваты кій. На босыя ногі надзеты былі тоўстыя, падбітыя жалезнымі цвікамі чаравікі. Галава голеная і доўгая барада.

Падарожжа пехатою, пот, спякота, пыл надалі штосьці агіднае яго агульнаму абшарпанаму выгляду.

Ніхто ніколі не бачыў гэтага чалавека. Як відаць, гэта прахожы. Адкуль ішоў ён? З поўдня. З мора, магчыма. Напэўна чалавек гэты ішоў цэлы дзень. Ён здаваўся страшэнна стомленым. Жанчыны бачылі, як ён спыніўся на бульвары ля фантана і прагна пачаў піць. Потым яшчэ раз спыніўся на плошчы рынка і зноў напіўся.

Дайшоўшы да рогу вуліцы Пуашвер, ён павярнуў налева і накіраваўся да мэрыі. Ён увайшоў туды і праз чвэрць гадзіны зноў вышаў. Ля дзвярэй на каменнай лаўцы сядзеў жандарм. Праходзячы міма, невядомы зняў шапку і ветліва яму пакланіўся. Жандарм не адказаў на паклон, але ўважліва паглядзеў на яго, крыху правёў яго вачыма і потым увайшоў у дом.

У той час была ў Дыні цудоўная гасцініца пад шыльдай „Крыж Кольба“. Гаспадаром яе быў чалавек, усімі паважаны ў горадзе, па імю Лабар. Пешаход накіраваўся да гэтай гасцініцы і ўвайшоў у кухню, у якой дзверы адчыняліся проста на вуліцу. Пад плітой гарэў яркі агонь. Гаспадар, які разам з тым быў і галоўным поварам, быў заняты гатаваннем абеду для рамізнікаў, шумныя галасы якіх даносіліся з суседняга пакоя. Хто многа падарожнічаў, таму вядома, што няма лепшых гасцей для шынкароў, як рамізнікі. Таму ён так старанна гатаваў страву. Усяго было нагатавана багата.

Пачуўшы, што дзверы адчыніліся і хтосьці ўвайшоў, гаспадар, не абарачаючыся, запытаў:

— Што жадае пан?

— Есці і спаць,—адказаў той, што ўвайшоў.