Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/226

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ды вы-ж самі змясцілі мяне сюды садоўнікам!

— Кажыце, нібы я нічога не ведаю.

— Ну, добра; гэта манастыр Пты-Пікпюс.

Жан Вальжан усё успомніў. Выпадак прывёў яго якраз у гэты манастыр, дзе стары Фашлеван, скалечаны два гады таму назад возам, які перакуліўся на яго, атрымаў месца па яго рэкамендацыі. Ён паўтарыў пра сябе:

— Манастыр Пты-Пікпюс.

— Але ўсё-такі, — ускрыкнуў Фашлеван, — як вы гэта зрабілі, што маглі сюды ўвайсці, бацька Мадлен? Хоць вы і святы чалавек, але ўсё-ж вы мужчына, а мужчынам уваход сюды забаронены.

— А вы-ж тут?

— Але толькі я адзін.

— Тым не менш, — запярэчыў Жан Вальжан, — мне неабходна тут астацца.

— Ах, божа мой! — ускрыкнуў Фашлеван.

Жан Вальжан падышоў да старога і сказаў строгім голасам:

— Бацька Фашлеван, я выратаваў вам жыццё.

— Я першы пра гэта ўспомніў, — адказваў Фашлеван.

— Ну, дык вось вы цяпер можаце зрабіць для мяне тое, што я зрабіў для вас калісьці.

Фашлеван схапіў у свае маршчыністыя і дрыжачыя рукі дужыя рукі Жана Вальжана і прастаяў некалькі хвілін, не маючы сіл праказаць ні слова. Нарэшце, ён ускрыкнуў:

— О! Гэта будзе божым благаславеннем, калі я змагу адплаціць вам. Каб я выратаваў вам жыццё! Пан мэр, рабіце са мной усё, што хочаце.

Бясконцая радасць нібы ператварыла яго. Па твару ў яго разліўся прамень святла.

— Што вы хочаце, каб я зрабіў? — запытаў ён.

— Зараз растлумачу. Ці ёсць у вас пакой?

— У мяне ёсць адасобленая хаціна, там, за руінамі старога манастыра, у кутку, недаступным для вока. Там тры пакойчыкі.

Хаціна сапраўды была так схавана за руінамі, што ніхто, і Жан Вальжан у тым ліку, не мог-бы яе заўважыць.

— Добра, — сказаў Жан Вальжан. — Цяпер я вас прашу аб двух рэчах.

— Якіх, пан мэр?

— Па-першае, вы не будзеце гаварыць пра мяне, па-другое, вы не будзеце распытваць у мяне.

— Як хочаце! Я ведаю, што ўсё, што вы робіце, сумленна і што вы заўсёды былі чалавекам, угодным богу. Да