Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/222

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ці цяпер табе цяплей? — запытаў ён.

— Так, тата.

— Ну, добра. Пачакай мяне з хвіліну, я зараз прыду.

Ён вышаў з-пад павеці і пайшоў удоўж сцяны, жадаючы адшукаць больш зручнае сховішча. Ён знайшоў некалькі дзвярэй, але ўсе яны былі забіты. Усюды былі рашоткі.

Абышоўшы ўнутраны кут будынка, ён убачыў зводчатыя вокны, праз шкло якіх прабівалася слабае святло. Ён падняўся на кончыкі пальцаў і зазірнуў у адно з вокнаў. Яно выходзіла з вялікага зала, выкладзенага каменнымі плітамі, з аркамі і калонамі; у пакоі разлівалася няяснае святло, якое адкідвала цёмныя плямы ценю. Святло зыходзіла з невялікай лампады ў куце. У зале было страшэнна ціха. Між тым, калі ён прыгледзеўся, яму здалося, што на падлозе ляжыць штосьці, нібы пакрытае саванам і нагадваючае чалавечую постаць. Постаць ляжала тварам уніз, рукі накрыж, з нерухомасцю смерці. Ад шыі на плітах, нібы змяя, цягнулася доўгая вяроўка. Усё гэта, пагружанае ў поўзмрок, наводзіла жах.

Жан Вальжан часта ўспамінаў потым, што з усіх страшных падзей, якія ён сустракаў у сваім доўгім жыцці, гэтая апошняя была самая жахлівая; таямнічая постаць, распасцёртая ў гэтым дзіўным месцы, зрабіла на яго незвычайнае ўражанне. Страшна было падумаць, што магчыма, гэта быў нябожчык, але яшчэ страшней было дапусціць, што гэта жывы чалавек.

У яго хапіла смеласці ўгледзецца, каб убачыць, ці рухаецца гэтая істота. Дарэмна чакаў ён даволі доўга, постаць аставалася нерухомай. Раптам ён адчуў панічны жах і ўцёк. Ён кінуўся да хлева, не адважваючыся азірнуцца назад. Яму здавалася, што калі ён азірнецца, то ўбачыць страшную істоту, якая хутка ідзе за ім і размахвае сваімі даўгімі рукамі.

Задыхаючыся, дабег ён да руін. Ногі падкошваліся; пот цёк па твары.

Дзе ён знаходзіўся? Хто мог уявіць сабе гэты могільнік пасярод Парыжа? Што гэта быў за дом? І гэты дом, безумоўна, пабудаваны, як і ўсе, і нават з вуліцы прыбіты нумар! Гэта быў не сон! Ён павінен быў дакрануцца да каменняў, каб упэўніць сябе ў сапраўднасці.

Холад, душэўныя хваляванні, неспакойства, уражанні ўсяго вечара выклікалі ў яго страшэнную ліхарадку. Усе думкі яго бязладна сутыкаліся і пераблытваліся ў мазгах.

Ён нахіліўся да Казеты. Яна спала.