Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/221

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і блізкі, не выклікаў нават і цені трывогі. Здавалася, што і сцены гэтыя складзены былі з глухіх камянёў.

Раптам пасярод гэтай глыбокай цішыні ўзняўся другі шум. Гукі былі незвычайныя, невыражальна дзіўныя, настолькі-ж чароўныя, насколькі тыя былі жахлівыя. Гэта быў гімн, які раздаваўся ў панурай маўклівасці ночы. Спявалі жаночыя галасы; спевы даляталі з панурага будынка.

Казета і Жан Вальжан сталі на калені.

Яны не ведалі, ні што гэта такое, ні дзе яны знаходзіліся, але абодва, дарослы і дзіця, катаржнік і нявінная маленькая дзяўчынка, адчувалі, што павінны стаць на калені.

Пакуль чуліся гэтыя спевы, Жан Вальжан ні пра што не думаў.

Спевы змоўклі. Магчыма, яны цягнуліся вельмі доўга. Жан Вальжан не мог вызначыць гэтага. Гадзіны радасці здаюцца імгненнямі.

Усё зноў атулілася цішай. Цішыня ў завулку, цішыня ў садзе. Тое, што пагражала, і тое, што заспакойвала, — усё знікла. Сухія былінкі шалясцелі ля каменнай сцяны, утвараючы ціхі, жаласны шум.

Узняўся свежы начны вецер; было, мабыць, каля двух гадзін пасля поўначы. Бедная Казета ўсё маўчала. Паколькі яна сядзела ціха, схіліўшы галаву, Жан Вальжан думаў, што яна заснула. Ён нахіліўся і паглядзеў ёй у твар.

Ён убачыў шырока расплюшчаныя вочы і задуменны позірк, які прымушаў сціскацца яго сэрца. Яна ўсё ўздрыгвала.

— Ці хочаш спаць? — запытаў у яе Жан Вальжан.

— Мне холадна, — адказвала яна і праз хвіліну запытала: — Ці яна ўсё яшчэ тут?

— Хто? — запытаў Жан Вальжан.

— Пані Тэнард‘е.

Жан Вальжан зусім забыў пра сваю выдумку, ужытую ім, каб прымусіць дзяўчынку маўчаць.

— А! — адказваў ён. — Яе больш няма, яна ўжо пайшла цяпер. Не палохайся.

Дзяўчынка глыбока ўздыхнула, нібы цяжар зваліўся з яе грудзей.

Зямля была вільготная, хлеў расчынены з усіх бакоў, вецер рабіўся ўсё свяжэйшы. Стары зняў з сябе сурдут і захутаў у яго Казету.