Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

XLIII

ЗАГАДКА

Жан Вальжан апынуўся ў велізарным садзе вельмі дзіўнага выгляду; гэта быў адзін з тых панурых садоў, якія нібы створаны для таго, каб глядзець на іх зімою і ноччу. Ён меў прадаўгаватую форму; у глыбіні яго праходзіла алея высокіх топаляў, навокал — высокія дрэвы, а пасярод — вялікая адкрытая прастора, у цэнтры якой стаяла вялізнае, старое адзінокае дрэва. Далей у розных месцах раскіданы былі групы фруктовых дрэў, грады агародніны, парнікі, шкло якіх адлюстроўвала ў сабе святло месяца, і, нарэшце, вялікая сточная яма. Там і сям стаялі каменныя лаўкі, уросшыя ў зямлю і пакрытыя імхом. Алеі былі абведзены густою жывою агарожай. Сцежкі напалову зараслі травою, а зялёная цвіль пакрывала астатняе.

Каля Жана Вальжана ўзвышаўся будынак, які прадстаўляў сабою нейкія руіны. Можна было яшчэ разабраць сляды пакояў, з якіх цяпер адзін служыў хлевам. Фасад вялікага будынка быў прарэзаны вокнамі з рашоткамі і меў пануры выгляд. Усюды было цёмна. Дом быў падобны да турмы. Даўгі цень, які клаўся ад яго на зямлю, нагадваў шырокае жалобнае пакрывала.

Іншых дамоў не было відаць. Канец саду губляўся ў начным тумане. Воддаль няясна вырысоўваліся лініі дахаў, якія перасякаліся адзін з другім.

Нельга было ўявіць сабе нічога больш панурага і адзінотнага, чым гэты сад. У ім не было ні душы, што было вельмі зразумела з прычыны позняга часу, але здавалася, што сюды нават сярод белага дня наўрад ці заходзіў хто- небудзь.

Першым клопатам Жана Вальжана было адшукаць свае панчохі і чаравікі і абуцца. Потым ён схаваўся з Казетай у руінах. Уцякач ніколі не ўпэўнены ў сваёй бяспецы. Дзіця, думаючы безупынна пра Тэнард‘е, мела тое-ж пачуццё і старалася залезці як мага далей.

Казета дрыжэла і прыціскалася да старога. У завулку чутна было бразганне зброі патруля, даносіліся ўдары прыкладаў аб камень і крыкі Жавера, яго злосныя выгукі і лаянка, але слоў разабраць было нельга.

Праз чвэрць гадзіны шум галасоў, здавалася, пачаў аддаляцца. Жан Вальжан баяўся ўздыхнуць.

Ён ціха прыклаў палец да губ Казеты.

У адзінотным месцы, дзе яны знаходзіліся, было ўсё так надзвычайна спакойна, што страшны шум, такі ярасны