Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/213

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хвілін, паддаючыся інстынкту, ён абярнуўся. У гэтую хвіліну ён ясна ўбачыў пры святле ліхтара ля дзвярэй дома трох чалавек, якія ішлі па яго слядах адзін за адным на вельмі блізкай адлегласці па цёмным баку вуліцы. Той, хто ішоў спераду, здаўся яму асабліва падазроным.

— Пойдзем, дзіця маё! — сказаў ён Казеце і паспяшаўся пакінуць вуліцу Пантуаз.

Ён зноў пачаў рабіць бясконцыя зігзагі, паглыбляючыся ўсё далей і далей. Недалёка ад аднаго скрыжавання вуліцы Жан Вальжан сеў у нішы пад варотамі якогасьці дома, разлічваючы, што калі праследвальнікі яго пойдуць за ім, то ён добра разгледзіць іх, калі яны пройдуць праз гэтае скрыжаванне, асветленае месяцам. Сапраўды, не прайшло і трох хвілін, як з'явіліся гэтыя людзі. Іх было цяпер чацвёра, усе высокага росту, у даўгіх цёмных сурдутах, у круглых капелюшах і з даўгімі кіямі ў руках. Шэсце іх было такое-ж панурае, як і іх знадворны выгляд. Яны здаваліся чатырма прывідамі, апранутымі ў гарадское адзенне.

Яны спыніліся пасярод скрыжавання, нібы радзячыся. Яны здаваліся ў нерашучасці. Той, які, як відаць, вёў іх, абярнуўся і жвава паказаў правай рукою кірунак, па якому ішоў Жан Вальжан; другі паказваў у процілеглы бок з некаторай упартасцю. У тую хвіліну, калі першы абярнуўся, месяц ярка асвятліў яго твар. Жан Вальжан беспамылкова пазнаў Жавера.

XLII

ЧОРНАЕ ПАЛЯВАННЕ З НЯМОЙ ЗГРАЯЙ

Усякае сумненне знікла для Жана Вальжана. На шчасце, яно заставалася яшчэ ў яго праследвальнікаў. Ён скарыстаў іх хістанні; гэта была трата часу для іх і выйгрыш для яго. Ён вышаў з-пад варот і пайшоў у кірунку да батанічнага саду. Казета пачынала стамляцца; ён панёс яе на руках. На вуліцы прахожых не было, а ліхтары не былі запалены з-за месячнай ночы.

Ён падвоіў крокі, прайшоў удоўж сада і апынуўся на наберажнай. Тут ён абярнуўся. Наберажная была пустая. Вуліцы таксама. Ззаду нікога. Ён перадыхнуў.

Ён дайшоў да Аўстэрліцкага маста. У той час яшчэ існавала плата за пераход па масту.

Ён падышоў да будкі і заплаціў су.

— Трэба два су, — сказаў стары інвалід-вартаўнік. — Вы нясеце на руках дзіця, якое можа хадзіць. Заплаціце за дваіх.