Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/209

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Аднойчы раніцою яна ўбачыла, як Жан Вальжан, з выглядам, які здаўся ёй вельмі падазроным, увайшоў у адну з незанятых каморак. Яна падкралася да яго і паглядзела ў замочную шчыліну. Жан Вальжан, з асцярожнасці, вядома, стаяў спіною да дзвярэй. Старая бачыла, як ён выняў з кішэні футляр, дастаў адтуль нажніцы і ніткі, потым пачаў падпорваць падкладку свайго сурдута, з-пад якой ён выцягнуў ліст жаўтаватай паперы і разгарнуў яго. Старая з жахам убачыла, што гэта быў банкавы білет у тысячу франкаў. Гэта быў другі ці трэці выпадак за ўсё яе жыццё, калі яна бачыла такія грошы. Яна хутчэй уцякла, вельмі спалохаўшыся.

Праз хвіліну Жан Вальжан падышоў да яе і папрасіў яе размяняць тысячу франкаў, гаворачы, што гэта частка яго гадавога даходу, якую ён атрымаў напярэдадні. „Адкуль?“ — падумала старая. Ён выходзіў у шэсць гадзін вечара толькі, а дзяржаўны банк у гэты час зачынены. Яна размяняла грошы, не перастаючы рабіць розныя меркаванні. Гэтыя тысячу франкаў выклікалі шмат гутарак у акалотку.

У далейшыя дні здарылася, што Жан Вальжан без сурдута пілаваў дровы ў калідоры. Старая была ў пакоі і прыбірала. Яна была адна; Казета глядзела, як пілавалі дровы; старая ўбачыла сурдут, які вісеў на сцяне, і ўважліва агледзела яго. Падкладка была зашыта. Старая абмацала яго, і ёй здалося, што яна адчувае пад пальцамі тоўстыя пачкі паперы. Напэўна, усё білеты па тысячы франкаў.

Яна заўважыла таксама, што ў кішэнях былі розныя рэчы — не толькі іголкі, нажніцы і ніткі, якія яна бачыла, але яшчэ вялікі партманет і вельмі вялікі складны нож.

Так пражылі жыхары ў халупе да канца зімы.

XLI

ГНЯЗДО САВЫ І МАЛІНАЎКІ

Паблізу ля царквы Сен-Медар на кучы камення сядзеў звычайна адзін жабрак, якому Жан Вальжан ахвотна падаваў міласціну. Ён ніколі не праходзіў каля гэтага чалавека, каб не даць яму некалькі грашоў. Часам ён спрабаваў з ім гутарыць. Зайздрослівыя гаварылі, што гэты жабрак з паліцэйскіх. То быў сямідзесяціпяцігадовы царкоўны вартаўнік, які заўсёды мармытаў малітвы.

Аднойчы ўвечары Жан Вальжан, праходзячы міма, без Казеты, заўважыў жабрака на яго звычайным месцы пад ліхтаром, які толькі што запалілі. Чалавек гэты, як заўсёды, сядзеў сагнуўшыся і, здавалася, прасіў міласціну.