Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/208

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сам навучыўся грамаце, спадзеючыся з яе дапамогай нарабіць як мага больш зла. А цяпер ён вучыць чытаць дзіця. Тады стары катаржнік усміхаўся задуменнай, пяшчотнай усмешкай. Ён адчуваў у гэтым волю лёсу і губляўся ў размышленнях. Добрыя помыслы, як і нядобрыя, маюць свае прадонні.

Вучыць Казету чытаць і бачыць яе гуляючай — у гэтым было амаль усё жыццё Жана Вальжана. Потым ён яшчэ гаварыў ёй пра яе маці і вучыў маліцца. Яна называла яго бацькам і не ведала для яго іншага імя.

Па цэлых гадзінах ён глядзеў на яе, як яна апранала і распранала сваю ляльку і шчабятала. Жыццё здавалася яму ад гэтага дня поўным цікавасці, людзі — добрымі і справядлівымі; ён нікога больш у думках не дакараў і не бачыў ніякай прычыны, чаму-б яму не дажыць да глыбокай старасці, паколькі дзіця так любіць яго. Ён бачыў сваё будучае, азаронае яркім святлом Казеты, як дзівосным ззяннем. Лепшыя людзі не пазбаўлены эгаізма. Часам ён з нейкай радасцю думаў, пра тое, што яна будзе непрыгожая.

Жан Вальжан з асцярожнасці ніколі на выходзіў з дому ўдзень. Кожны дзень з наступленнем змроку ён, часам адзін, часам з Казетай, гуляў гадзіну ці дзве па аддаленных бакавых алеях бульвара, заходзячы ў цэркаы, калі ўжо зусім сцямнее. Калі ён ішоў адзін, Казета аставалася дома са старою; але выходзіць разам са старым было вялікай радасцю для дзяўчынкі. Быць з ім яна любіла нават больш, чым быць з Кацярынаю. Ён гуляў з ёю, трымаючы яе за руку і ласкава гутарачы.

Ён, як і раней, насіў свой пацёрты сурдут, чорныя шарсцяныя панчохі і стары капялюш. На вуліцы яго лічылі за жабрака. Здаралася часам, што добрыя жанчыны падавалі яму міласціну. Жан Вальжан браў грошы і нізка кланяўся. Здаралася таксама часам, што ён сустракаў няшчасных, якія прасілі міласціну. Тады ён азіраўся навокал, каб яго хто-небудзь не бачыў, употайкі падыходзіў да іх, усоўваў у руку жабраку якую-небудзь манету, часта срэбную, і паспешліва адыходзіў. Гэта мела свае непрыемнасці. Ён зрабіўся вядомы ў акалотку як жабрак, які падае міласціну.

Старая, „галоўная жыхарка дома“, істота панурая, уся прасякнутая зайздрасцю да бліжняга, старанна сачыла за Жанам Вальжанам, які не падазраваў гэтага. Яна была крыху глухаватая, што рабіла яе балбатлівай. Ад яе мінулага ў яе засталіся толькі два зубы, адзін уверсе, другі ўнізе, якія заўсёды стукаліся адзін аб адзін. Яна спрабавала распытваць у Казеты, якая, сама нічога не ведаючы, апрача таго, што яны прышлі з Манфермейля, нічога не магла сказаць ёй.