Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/201

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Чалавек, не адказваючы ні слова, пакапаўся ў кішэні і выхапіў адтуль партманет. Шынкар задрыжэў ад радасці. „Цудоўна, — падумаў ён. — Будзем трымацца цвёрда. Ён хоча мяне падкупіць“.

Перш чым адкрыць партманет, незнаёмы азірнуўся навокал. Месца была зусім пустыннае. Ні душы паблізу. Тады ён выхапіў не пачку банкавых білетаў, як разлічваў Тэнард‘е, а маленькі лісток паперы, які ён разгарнуў і паднёс да вачэй шынкара.

— Ваша праўда, — сказаў ён. — Чытайце!

Тэнард‘е ўзяў лісток і прачытаў:

„Пан Тэнард'е.

Вы перадасце Казету падаўцу гэтага пісьма. Вам за ўсё заплацяць. З шчырым прывітаннем.

Фантына“.

— Ці знаёмы вам гэты подпіс? — запытаў стары.

Гэта, бясспрэчна быў подпіс Фантыны. Тэнард‘е пазнаў яго. Адказаць не было чаго. Ён адчуў страшэнную прыкрасць ад нечаканай няўдачы. Незнаёмы казаў далей:

— Вы можаце берагчы ў сябе гэтую запіску для свайго апраўдання.

Тэнард‘е ўсё-такі не мог не прабурчэць скрозь зубы:

— Подпіс вельмі добра падроблены, але няхай будзе па-вашаму.

Потым ён зрабіў апошнюю спробу:

— Усё гэта добра, судар. Вы — падавец пісьма. Але-ж трэба мне і заплаціць за ўсё. А вінны мне значную суму.

— Пан Тэнард‘е, у студзені маці лічыла, што з‘яўляецца віннай вам сто дваццаць франкаў. У лютым вы прыслалі ёй рахунак на пяцьсот франкаў; трыста франкаў атрымалі ў канцы лютага і трыста ў пачатку сакавіка. З таго часу мінула дзевяць месяцаў; згодна-ж умовы пятнаццаць франкаў у месяц складуць сто трыццаць пяць франкаў. Вы атрымалі сто франкаў наперад. Аставалася даплаціць вам трыццаць пяць франкаў: я даў вам тысячу пяцьсот.

Тэнард‘е перажываў тое, што перажывае воўк, папаўшы ў жалезныя кіпцюры пасткі.

„Гэта чорт, а не чалавек“, — думаў ён.

Ён зрабіў так, як зрабіў-бы воўк: ён ірвануўся з усёй сілы. Смеласць адзін раз ужо вывезла яго.

— Пан невядомы, — сказаў ён рашуча і адкінуўшы на гэты раз пачцівы тон, я вазьму Казету назад, або вы заплаціце мне тысячу чырвонцаў.

— Пойдзем, Казета! — спакойна адказаў невядомы.

Левай рукой ён узяў за руку Казету, а правай падняў