Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з распытваннямі, сказалі яму, што стары і Жаўранак пайшлі ў процілеглы бок. Ён пайшоў услед за імі вялізнымі таропкімі крокамі.

— Гэты чалавек, як відаць, мяшок з грашыма, — мармытаў ён, — а я скаціна. Ён спачатку даў дваццаць су, потым пяць франкаў, потым пяцьдзесят франкаў, а потым і паўтары тысячы, і ўсё з аднолькавай лёгкасцю. Ён-бы даў і пятнаццаць тысяч. Ну, ды я яго злаўлю.

І потым гэтая загадзя падрыхтаваная сукенка, — ва ўсім гэтым шмат таямнічага. Падобных рэчаў не трэба выпускаць з рук. Таямніцы багачоў — гэта губкі, насычаныя золатам, трэба ўмець толькі выціскаць іх. Усе гэтыя думкі віхрам насіліся ў яго галаве.

— Я скаціна, — паўтарыў ён.

Пры выхадзе з сяла ён зноў запытаў ў сустрэчных, ці не бачылі яны старога і Казету. Яму сказалі, што яны пайшлі ў кірунку да лесу. Ён паспяшаўся туды.

Раптам ён спыніўся і ўдарыў сябе па ілбу, як чалавек, які забыў самае істотнае і гатоў быў вярнуцца назад.

— Мне-б трэба было захапіць з сабой стрэльбу, — сказаў ён сабе, але пасля хвіліннага раздумвання дадаў: — Хоць яны за гэты час паспеюць схавацца.

Ён зноў пайшоў наперад хутка і ўпэўнена.

На павароце адной сцежкі, што перасякала невялікую лясную палянку, ён праз галіны заўважыў знаёмы капялюш. То быў капялюш незнаёмага. Тэнард‘е ўбачыў, што стары і Казета адпачываюць.

Шынкар раптоўна вырас перад імі.

— Выбачайце, судар, — праказаў ён, задыхаўшыся, — вось вам назад вашы тысячу пяцьсот франкаў.

І, праказаўшы гэта, ён працягнуў тры банкавыя білеты. Незнаёмы зірнуў на яго.

— Што гэта азначае?

— Гэта азначае, судар, — пачціва адказаў Тэнард‘е, — што я бяру Казету назад.

Казета задрыжэла і прыціснулася да старога.

Ён-жа, гледзячы Тэнард‘е проста ў вочы, адказаў, адчаканьваючы кожны склад:

— Вы бя-рэ-це Казету назад?

— Так, паважаны судар, назад. Я прышоў сказаць вам, што я раздумаў. Па сутнасці, я не маю права аддаваць яе вам. Я, бачыце, сумленны чалавек. Гэтая дзяўчынка не мая, у яе ёсць маці. Маці даручыла яе мне, і ёй толькі я і павінен вярнуць яе. Бы мне скажаце: маці памерла. Добра, у такім выпадку я аддам дзіця толькі той асобе, якая прынясе мне запіску ад маці. Гэта ясна.