Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

секунду ён зразумеў сваё становішча і рашыў, што настаў момант дзейнічаць. Як храбры палкаводзец, ён адразу адкрыў баявы агонь.

— Паважаны судар, — сказаў ён, — мне трэба паўтары тысячы франкаў.

Незнаёмы выняў з бакавой кішэні чорны скураны партманет, дастаў з яго тры банкавых білеты і паклаў іх на стол. Потым, прыціснуўшы іх сваім шырокім указальным пальцам, сказаў шынкару:

— Прывядзіце Казету!

Што ж рабіла дзяўчынка пакуль адбывалася ўсё гэта?

Казета, прачнуўшыся, пабегла да свайго чаравіка. У ім яна знайшла залатую манету. Казета была аслеплена. Усё, што здарылася, пачынала ап‘яняць яе. Яна не ведала, што такое залатая манета, яна ніколі не бачыла нічога падобнага і шпарка схавала яе ў кішэню, нібы ўкрадзеную. Між тым, яна добра ведала, што грошы цалкам належаць ёй, ведала, адкуль гэты падарунак ёй пасланы, але разам з тым адчувала радасць, поўную страху. Яна была здаволена, а галоўнае, здзіўлена. Гэтыя дзівосныя і найпрыгажэйшыя рэчы здаваліся ёй звышнатуральнымі. Лялька пужала яе, золата таксама навяло на яе страх. Яна інстынктыўна ўздрыгвалася перад імі. Аднаго незнаёмага яна не баялася. Наадварот, ён падбадзёрваў яе. Са ўчарашняга дня, сярод усіх нечаканасцей, у час сну нават, яна думала сваім дзіцячым розумам пра гэтага чалавека, на выгляд такога старога, беднага і сумнага і разам з тым такога багатага і добрага. З той хвіліны, як яна спаткала яго ў лесе, усё змянілася для яе. Казета ніколі не ведала, што такое мацярынскае крыло. На працягу пяці год, гэта значыць з таго часу, як яна сябе памятае, яна мерзне і пакутуе. Яна ўсё жыццё сваё хадзіла ў дзіравых лахманах, цяпер-жа ёй здавалася, што яна апранута. Раней душы яе было холадна, цяпер ёй цёпла. Казета нават не баялася больш Тэнард‘е. Яна была не адна, у яе быў абаронец.

Яна хутка ўзялася за штодзённую работу. Грошы, якія ляжалі ў той-жа кішэньцы, з якой учора выпала манета ў пятнаццаць су, забаўлялі яе. Яна не адважвалася дакрануцца да іх, але па пяць хвілін аставалася ў сузіранні, прычым трэба прызнацца, высоўвала язык. Падмятаючы лесніцу, яна спынялася нерухома, забыўшы пра сваю мятлу і пра ўсё на свеце, гледзячы на бліскучую зорку ў глыбіні сваёй кішэні.

У адну з такіх хвілін яе застала гаспадыня. Па загаду