Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вядома, я не пярэчу, вы багаты і маеце выгляд сумленнага чалавека. Калі гэта для яе шчасце, то ўсё-такі трэба ўпэўніцца ў гэтым. Вы разумееце, што калі я ўжо прынясу гэтую афяру і адпушчу яе, то жадаў-бы ведаць, дзе яна будзе, не губляць яе з-пад увагі, ведаць заўсёды, як яна жыве, наведваць яе час ад часу і каб яна ведала, што яе прыёмны бацька ахоўвае яе. Нарэшце, гэта проста немагчыма. Я нават не ведаю вашага імя. Вы звядзеце яе, а я скажу: „А Жаўранак? Куды ён паляцеў?“ трэба было-б мне ўбачыць хоць ласкуток паперы, кончык пашпарта, ці што?

Незнаёмы, гледзячы яму проста ў вочы, адказаў суровым і рашучым тонам:

— Пан Тэнард‘е, каб адлучыцца на пяць лье ад Парыжа, няма патрэбы мець пры сабе пашпарт. Я забяру Казету, вось і ўсё. Вы не дазнаецеся ні аб маім імі, ні дзе я жыву, ні дзе яна будзе знаходзіцца, і мой намер заключаецца ў тым, каб яна ніколі больш у жыцці вас не спаткала. Я парву ўсякую сувязь яе з вамі, і яна пойдзе зусім. Ці згодны вы на гэта? Так, ці не?

Тэнард‘е ўбачыў, што мае справу з чалавекам вельмі моцным. Гэта было нейкае ўгадванне; ён сцяміў гэта адразу сваім празорлівым розумам. Напярэдадні, не перастаючы піць, курыць і гарлапаніць песні з вознікамі, ён увесь час назіраў і вывучаў гасця. Ніводнага жэсту, ніводнага руху гэтага чалавека ў пацёртым сурдуце не прамінуў ён. Нават яшчэ да таго, пакуль незнаёмы выказаў ясна сваю зацікаўленасць да Казеты, Тэнард‘е ўжо ўгадаў яе. Ён падсцерагаў позірк старога, накіраваны на дзяўчынку. Чаму такое спачуванне? Хто гэты чалавек? Чаму, маючы набіты грашыма кашалёк, ён апрануты ў такі дрэнны касцюм? Гэта былі ўсё пытанні, якія ён не мог вырашыць і якія даводзілі яго да шаленства. Ён думаў пра гэта ўсю ноч. Не можа быць, каб ён быў бацькам Казеты. Тады ці не дзед толькі яе гэта? У такім выпадку, чаму не заявіць гэтага адразу? Калі маеш права, то адразу і прад‘яўляеш яго. Відавочна, чалавек гэты не меў ніякага права на яе. Але хто-ж ён? Тэнард‘е блытаўся ў загадках. Ён прадбачыў усё, але не бачыў нічога. Як-бы там ні было, але, заводзячы гутарку з гэтым чалавекам, упэўнены, што ва ўсім гэтым ёсць нейкая тайна, што незнаёмаму важна астацца ў невядомасці, Тэнард‘е адчуваў за сабой сілу. Калі-ж ён пачуў просты і рашучы адказ, калі ён убачыў, што гэтая таямнічая істота такая простая ў сваёй патаемнасці, ён убачыў у сабе слабасць. Ён не чакаў нічога падобнага і зусім быў збіты з панталыку. У адну