Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

танне. Шынкарка за гэты час паспела апамятацца і з упэўненасцю праказала:

— Што рабіць, судар, так, дваццаць тры франкі!

Незнаёмы паклаў на стол пяць манет па пяць франкаў і сказаў:

— Ідзіце, прывядзіце мне дзяўчынку.

У гэтую хвіліну Тэнард‘е-муж выступіў на сярэдзіну пакоя і сказаў:

— Вы вінны, судар, усяго дваццаць шэсць су.

— Дваццаць шэсць су! — ускрыкнула жонка.

— Дваццаць су за пакой і шэсць за вячэру, — холадна паўтарыў шынкар. — Што-ж датычыць дзяўчынкі, то я павінен перагаварыць з вамі аб ёй, паважаны судар. Жонка, пакінь нас адных!

Жонка адчула асляпленне, як ад нейкага раптоўнага адкравення. Яна зразумела, што на сцэну выступіў вялікі актор, і, не гаворачы ні слова, вышла з пакоя.

Як толькі яны асталіся адны, Тэнард‘е прапанаваў незнаёмаму крэсла. Той сеў. Тэнард‘е астаўся стаяць, і твар яго набыў дзіўны выраз добрадушша і прастаты.

— Судар, я павінен вам сказаць, што я абажаю гэтае дзіця.

Незнаёмы пільна зірнуў на яго.

— Якое дзіця?

Тэнард‘е казаў далей:

— Як гэта смешна! Прывыкаеш. Што гэта за грошы? Вазьміце — гэта вашы сто су. Я абажаю дзіця.

— Якое? — запытаў стары.

— Ды нашу Казету. Ці не вы хочаце звесці яе ад нас? Дык я скажу вам шчыра і праўдзіва, як і тое, што вы сумленны чалавек: я не магу на гэта згадзіцца. Мне яе будзе неставаць. Я-ж ведаю яе амаль з нараджэння. Праўда, яна нам каштуе грошай, правільна і тое, што ў ёй шмат недахопаў, што мы небагатыя, што я больш чатырохсот франкаў заплаціў за яе лякарствы, калі яна была хворая, але-ж трэба і для бога што-небудзь зрабіць. У яе няма ні бацькі, ні маці, і я выхаваў яе. У мяне хопіць хлеба і на яе долю. Адным словам, я прывык да яе. Вы-ж гэта можаце зразумець: я дурны і не разважаю. Я люблю гэтую дзяўчынку. Мая жонка запальчывая, але яна таксама яе любіць. Яна — нібы наша ўласнае дзіця. Мне неабходна яе балбатня ў доме.

Незнаёмы, як і раней, пільна глядзеў на яго. Ён казаў далей:

— Прабачце, выбачайце, васпан, але ніхто не аддае сваё дзіця першаму сустрэчнаму. Ну, хіба не мая праўда?