Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/194

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

разгарнуў яго і зірнуў; але ўвага яго, відавочна, паглынута была чымсьці іншым.

— Ці добра ідуць у вас справы ў Манфермейлі? — запытаў ён.

— Так сабе, — адказала гаспадыня, здзіўленая, што не спаткала ніякага адпору, і дадала жаласным і чуллівым тонам: — О, судар, часы зараз вельмі цяжкія. Да таго-ж, у нашых месцах так мала сапраўдных паноў, тут усё больш драбяза. Калі-б нам не здараліся такія велікадушныя і багатыя паны, як вы, судар, нам прышлося-б вельмі туга. Вось хоць-бы гэтая дзяўчынка, яна-ж нам бог ведае чаго каштуе!

— Якая дзяўчынка?

— Ды гэтая маленькая, вы бачылі, Казета, Жаўранак, як яе празвалі ў вёсцы.

— А… — адказаў суразмоўнік.

— Якія дурныя гэтыя сяляне з іх мянушкамі! — прадаўжала яна. — Дзяўчынка хутчэй падобна да кажана, чым да жаўранка. Вось бачыце, васпан, мы міласціны не просім, але і самі не можам падаваць яе. Мы амаль нічога не выручаем, а плаціць прыходзіцца шмат. Адных казённых пошлін і не пералічыць. І потым, у мяне-ж дочкі. Мне няма на што карміць чужых дзяцей.

— А калі-б вас ад яе збавілі? — запытаў незнаёмы голасам, якому ён стараўся надаць абыякавы выраз, але ў якім мімаволі чулася дрыгаценне.

— Ад каго, ад Казеты?

— Так.

Чырвонабаграны твар шынкаркі заквітнеў ад радасці і зрабіўся яшчэ больш агідны.

— О, судар, о, мой добры пан! Ды вазьміце яе, вядзіце, нясіце, з‘ежце, пасаліце, выпіце яе і няхай благаславіць вас за гэта прасвятая багародзіца.

— Дык вырашана?

— Вы сапраўды бярэце яе?

— Так, бяру.

— Зараз-жа?

— Так, зараз-жа. Паклічце яе.

— Казета! — закрычала Тэнард‘е.

— А пакуль я вам заплачу тое, што вінен. Колькі там?

Ён зірнуў на рахунак і не мог стрымацца ад здзіўлення:

— Дваццаць тры франкі! — І, зірнуўшы на шынкарку, паўтарыў: — Дваццаць тры франкі?

У тоне гэтых слоў адначасова былі і здзіўленне і пы-