Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

праўда, трэба прызнацца, вас хвалілі, але гэта нічога не і даказвае; лоўкія людзі ўмеюць рознымі спосабамі ўваходзіць у давер‘е простага народу. Дарэчы, я не чуў стукату вашай карэты—вы, напэўна, пакінулі яе за лесам, па павароце дарогі? Паўтараю, я не ведаю вас. Вы мне сказалі, што вы епіскап, але гэта не дае мне ніякага разумення і аб маральнасці вашай асобы. Я зноў паўтараю вам маё пытанне: хто вы? Вы—епіскап, іначай кажучы, вы адзін з тых князёў царквы, якія пакрыты золатам, маюць гербы, вялікія даходы,—дыньскае епіскапства дае пятнаццаць тысяч франкаў, дзесяць тысяч выпадковых даходаў, і разам дваццаць пяць тысяч; адзін з тых, хто мае добры абед, лакеяў з ліўрэямі, многа пражываюць, па пятніцах ядуць вараных курэй, раз‘язджаюць у парадных карэтах з лакеямі, жывуць у палацах—і ўсё ў імя Хрыста, які хадзіў босы. Вы—прэлат. Вы карыстаецеся рэнтай, палацамі, коньмі, лакеямі, добрай ежай, усімі пачуццёвымі радасцямі жыцця, як і іншыя, але ўсё гэта не высвятляе мне вашай асобы, І вы, напэўна, прышлі да мяне з намерам навучаць мяне прамудрасці. З кім маю гонар гаварыць? Хто вы?

Епіскап, апусціўшы галаву, сказаў:

— Vermis sum[1].

— Земляны чарвяк, які раз‘язджае ў карэце!—прамармытаў паміраючы.

Цяпер стары быў высокамерны, а епіскап панізіў голас і ласкава сказаў:

— Добра, судар, але растлумачце мне: хіба мая карэта, якая стаіць там за дрэвамі, маё добрае харчаванне і куры, якія я ем па пятніцах, мае дваццаць пяць тысяч франкаў гадавога даходу, мой палац, мае лакеі—хіба ўсё гэта даказвае, што міласэрнасць—не добрадзейнасць, што вялікадушша—не абавязак, што дзевяноста трэці год не страшэнны?

Стары пагладзіў рукой лоб.

— Раней чым адказваць, я прашу вас прабачыць мне. Я зрабіў нядобра. Вы—мой госць. Я павінен быць з вамі ветлівы, Вы аспрэчваеце мае ідэі, я абавязан абмяжоўвацца толькі пярэчаннямі на вашы разважанні. Ваша багацце і ваш жыццёвы добрабыт, праўда, моцныя аргументы супроць вас у нашай спрэчцы, але я не павінен імі карыстацца. Абяцаю вам больш іх не закранаць.

— Дзякую вам,—сказаў епіскап.

— Вернемся да свайго пытання,—казаў далей Ж.—Пра

  1. Я—чарвяк (kац.).