Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Хіба ў пані Тэнард‘е няма служанкі?

— Няма, судар.

— І ты спраўляешся адна?

— Так, судар.

Пачалася зноў пауза. Казета сказала:

— Ёсць яшчэ дзве маленькія дзяўчынкі.

— Хто яны?

— Эпаніна і Азельма, паненкі, дочкі пана Тэнард‘е.

— А што яны робяць?

— О, — ускрыкнула дзяўчынка, — у іх цудоўныя, прыбраныя лялькі, з якімі яны гуляюць цэлы дзень! Яны гуляюць.

— Увесь дзень?

— Так, судар.

— А ты?

— Я працую.

— Увесь дзень?

Дзяўчынка ўзняла поўныя слёз вочкі на незнаёмага і ціха праказала:

— Так. — І, памаўчаўшы крыху, дзяўчынка дадала:— Часам, калі работа канчаецца і калі мне дазволяць, я таксама гуляю.

— Як-жа ты гуляеш?

— Як умею. Мяне не чапаюць. Але ў мяне мала цацак. Эпаніна і Зельма не дазваляюць мне гуляць з іх лялькамі. У мяне ёсць толькі маленькая алавяная шабля, не даўжэйшая вось за гэтага.

І дзяўчынка паказала свой маленькі пальчык.

— І якая не рэжа?

— Не, рэжа салат і галоўкі ў мух.

Яны дайшлі да вёскі. Казета павяла незнаёмага па вуліцах. Яны прайшлі міма булачнай, але Казета і не ўспомніла пра хлеб, які павінна была купіць. Прахожы перастаў цяпер задаваць ёй пытанні і захоўваў панурае маўчанне. Калі яны вышлі на царкоўную плошчу, ён, убачыўшы рад крам, запытаў у Казеты.

— Ці ў вас кірмаш?

— Не, гэта каляды, — адказвала яна.

Падышоўшы да шынка, Казета баязліва дакранулася да рукі незнаёмага.

— Судар!

— Чага табе, дзіця?

— Мы вось прышлі.

— Ну дык што-ж?

— Дазвольце мне цяпер самой данесці вядро.

— Чаму?