Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Між тым, яна не магла ісці хутка і марудна цягнулася наперад. Яна і то ўжо старалася спыняцца шмат радзей, і з тугою думала пра тое, што ёй раней як праз гадзіну не дайсці да Манфермейля і што гаспадыня паб‘е яе. Гэтая душэўная туга змешвалася са страхам быць адной у лесе ноччу. Яна канчаткова выбівалася з сіл. Дайшоўшы да старога каштана, які быў ёй добра вядомы, яна спынілася ў апошні раз на больш доўгі час, каб добра адпачыць; потым сабрала ўсе свае сілы і храбра пайшла наперад. Але мімаволі пры гэтым у яе вырваўся гучны выкрык роспачы:

— Ох, божа мой, божа мой!

У гэтую хвіліну яна адчула, што ношка яе раптам зрабілася лягчэйшая. Якаясьці рука, як ёй здалося велізарная, схапіла за почапку вядро і лёгка падняла яго. Яна зірнула ўверх. Высокая цмяная постаць, простая і дужая, ішла поруч з ёю ў цемры. То быў чалавек, які наблізіўся да яе ззаду так, што яна не чула крокаў. Гэты чалавек, не гаворачы ні слова, узяў за почапку вядро, якое яна цягнула.

Ва ўсіх сустрэчах у жыцці намі кіруе нейкі інстынкт. Дзяўчынка ніколькі не спалохалася.

ХХХVІ

КАЗЕТА ПОРУЧ З НЕЗНАЁМЫМ

Пасля паўдня гэтага самага дня, напярэдадні каляд 1823 года, якісьці чалавек доўга брадзіў па пустыннай частцы бульвара Опіталь у Парыжы. Чалавек гэты, здавалася, шукаў кватэры і спыняўся пераважна перад скромнымі домікамі разбуранай ускраіны прадмесця Сен-Марсо.

Пасля ўбачаць, што ён сапраўды наняў пакой у гэтым далёкім квартале.

Чалавек гэты па сваёй вопратцы і па ўсяму свайму выгляду ўвасабляў, так сказаць, тып благароднага жабрака, у якім крайняя беднасць спалучалася з незвычайнай акуратнасцю. Гэтае вельмі рэдкае спалучэнне выклікае ў развітым сэрцы тую павагу, якую мімаволі адчуваеш да чалавека беднага, але вартага. На ім быў стары, але акуратна вычышчаны касторавы капялюш, пацёрты сурдут з грубога сукна, вялікая камізэлька з кішэнямі старыннага пакроя, чорныя штаны, працёртыя на каленках, чорныя шарсцяныя панчохі і тоўстыя чаравікі з меднымі пражкамі. Яго можна было палічыць за былога настаўніка благароднага дома; ён нібы толькі што вярнуўся з выгнання. Па белых, як снег, валасах, па парэзаным зморшчкамі ілбу, па бледных губах