Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

да крыніцы. Казета ведала дарогу, таму што хадзіла па ёй некалькі разоў у дзень. Дзіўна, яна не заблудзілася. Інстынкт смутна кіраваў ёю. Яна-ж, між тым, не глядзела ні направа, ні налева, баючыся ўбачыць што-небудзь страшнае ў галінках ці ў хмызняку. Так дайшла яна да ручая.

Гэта было вузкае прыроднае паглыбленне, вымытае вадой у гліністай глебе, футы ў два глыбінёю, акружанае імхом і высокай кучаравай травою. З тэтага паглыблення з ціхім гурчэннем выцякаў ручаёк.

Казета нават не дала сабе перавесці дыхання. Было зусім цёмна, але яна прывыкла да гэтай крыніцы. Левай рукой адшукала яна ў цемры малады дубок, нахілены над ручаём, за які яна звычайна трымалася, схапілася за галінку, нахілілася і апусціла вядро ў ваду. То быў для яе такі страшны момант, што сілы яе патроіліся. Нахіляючыся, яна не заўважыла, як штосьці вывалілася з яе кішэні ў ваду. Гэта была манета ў пятнаццаць су. Казета не чула, як яна ўпала. Яна выцягнула амаль поўнае вядро вады і паставіла яго на траву.

Пасля гэтага яна адчула, што страшэнна змарылася. Яна хацела адразу-ж пайсці назад, але намаганні, зробленыя ёю, каб напоўніць вядро, так знясілілі яе, што яна не магла ступіць ні кроку. Яна прымушана была прысесці і ў бяссіллі павалілася на траву.

Яна зажмурыла вочы, потым адплюшчыла іх, сама не ведаючы чаму, зусім мімаволі. Каля яе ў вядры плёскалася вада, разыходзячыся кругамі, нібы белыя агнявыя змеі. Над яе галавой рассцілалася неба, пакрытае густымі, чорнымі хмарамі, нібы воблакамі дыму. Страшэнная цемра, здавалася, навісла над гэтым дзіцем.

З даліны дзьмуў халодны вецер. Лес быў пануры, у ім не чуваць было ні шэлесту лісця і ні аднаго з тых смутных, але жывых гукаў, якімі поўна ноч у лесе летам. Даўгія галіны страшэнна выцягнуліся. Хударлявыя і ўродлівыя хмызнякі трапяталі ў прагалінах. Высокія і сухія былінкі дрыжэлі і схіляліся пад парывамі ветру, скручваючыся, як вужы. Зблытанае суччо цярноўніка, як даўгія рукі, узброеныя кіпцямі, працягнуліся наперад, нібы рыхтуючыся схапіць афяру. Сухі верасок, гнаны ветрам, здавалася, у жаху перад чымсьці страшным, што насоўвалася на яго, хутка ўцякаў кудысьці.

Цемра выклікае галавакружэнне. Чалавеку неабходна святло. Кожны, хто пагружаецца ў цемру, адчувае, як у яго сціскаецца сэрца. Калі вока бачыць цемру, мазгі трацяць сваю яснасць. У час зацмення, ноччу ў густой цемры душэўная трывога авалодвае нават самымі моцнымі натурамі.