Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Стары абярнуўся да хлопчыка:

— Ідзі спаць. Ты ўжо не спіш другую ноч і стаміўся.

Хлопчык пайшоў у халупу.

Стары правёў яго вачыма і сказаў нібы пра сябе:

— Пакуль ён будзе спаць, я памру. Сон і смерць—добрыя суседзі.

Усё гэта не так расчуліла епіскапа, як можна было-б чакаць. Ён не адчуваў прысутнасці бога пры смерці такога няверуючага чалавека. І ў вялікіх людзей ёсць свае слабасці. Епіскап, які так не любіў, калі яго называлі „ваша прападоб‘е“, быў здзіўлены, што стары не назваў яго так, і ў епіскапа раптам з‘явілася жаданне звярнуцца да хворага з той грубай бесцырамоннасцю, якая так уласціва дактарам і папам, але якой ён ніколі не дазваляў сабе. Гэты чалавек—прадстаўнік рэволюцыйнага народу, які калісьці меў уладу; і, можа ў першы раз у жыцці, епіскоп адчуў прыліў суровасці. Між тым Ж. углядаўся ў яго з ласкавай ветлівасцю і спакоем паміраючага чалавека. Але епіскап, з свайго боку, глядзеў на яго з цікаўнасцю, разумеючы, што цікаўнасць без сімпатыі—знявага. Калі-б на месцы Ж. быў іншы чалавек, епіскап, напэўна, адчуў-бы дакор сумлення. Аднак, грамадзянін Ж. здаваўся яму па-за законам, нават па-за законам міласэрдзя.

Пачынаючы ўжо халадзець Ж. трымаўся больш прама і гаварыў яшчэ голасна; ёй быў адным з тых васьмідзесяцігадовых старых, якія выклікаюць здзіўленне ў фізіёлагаў. У эпоху Вялікай рэволюцыі сустракалася шмат такіх людзей. Відаць было, што гэты стары шмат перажыў на сваім вяку. Блізкі да смерці, ён захаваў усе рухі здаровага чалавека: яго позірк быў ясны, гаворка цвёрдая; нават па руху плячэй нельга было падумаць аб хуткім скананні. Здавалася, Ж. памірае толькі таму, што сам таго хоча. Агонія яго была добраахвотная. Толькі ногі былі нерухомы. Смерць трымала іх у сваіх кіпцюрах. Ногі былі халодныя і мёртвыя, а галава жыла ўсімі фібрамі і працавала з поўнай яснасцю, Ж. у гэтую ўрачыстую хвіліну быў падобны да караля ва ўсходняй казцы з жывым тулавам і мрамарнымі нагамі.

Епіскап сеў на камень, які ляжаў паблізу.

— Я вас вітаю,—сказаў ён тонам дакору.—Вы ўсё-такі не галасавалі за смерць караля Людовіка XVI!

Здавалася, Ж. не заўважыў гаркоты ў слове „ўсё-такі“. Усмешка знікла з яго твару, калі ён адказваў:

— Не вельмі вітайце мяне, судар, я ўсё-такі ватыраваў супроць тырана.

— Што вы хочаце сказаць гэтым?