Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шум. Чутны былі гукі крокаў і голас старой, якая гаварыла гучна і прарэзліва:

— Мой добры пан, клянуся богам, ніхто не заходзіў сюды цэлы дзень і ўвесь вечар. Я не пакідала сваёй каморкі!

Мужчынскі голас адказаў:

— А чаму-ж відаць агонь у пакоі?

Яны пазналі голас Жавера.

Дзверы ў пакоі адчыняліся так, што засланялі сабою цэлы куток направа. Жан Вальжан пагасіў свечку і стаў у гэты кут.

Сястра Сімпліцыя ўпала на калені ля стала.

Дзверы расчыніліся. Увайшоў Жавер.

У калідоры чутны быў шэпт некалькіх галасоў і пярэчанні вартаўніцы.

Манашка не ўзнімала вачэй. Яна малілася. Свечка яе стаяла на каміне і слаба асвятляла пакой. Жавер заўважыў сястру і ў нерашучасці спыніўся.

Як вядома, Жавер вельмі паважаў усё, што мела ў сабе хоць-бы адзнаку ўлады. У яго вачах поп быў чалавек, які ніколі не ўпадае ва ўзман, манашка — істота, якая ніколі не грэшыць.

Убачыўшы сястру, ён адразу хацеў выйсці.

Між тым, другі абавязак моцна штурхаў яго зрабіць зусім наадварот. Ён спыніўся і адважыўся толькі задаць адно пытанне.

Перад ім была сястра Сімпліцыя, якая не схлусіла ніколі ў жыцці. Жавер ведаў і асабліва паважаў яе за гэта.

— Сястра, — сказаў ён, — ці вы адны ў гэтым пакоі?

Сястра ўзняла вочы і сказала:

— Так.

— У такім выпадку, — казаў далей Жавер, — выбачайце, што я настойваю, але гэта мой абавязак: ці не бачылі вы сёння ўвечары аднаго чалавека — ён уцёк, і мы шукаем яго. Яго завуць Жан Вальжан; вы не бачылі яго?

— Не, — адказала сястра.

Яна хлусіла. Яна схлусіла два разы запар, не думаючы, шпарка, як робяць самаафяраванне.

— Выбачайце, — сказаў Жавер і, нізка пакланіўшыся, вышаў.

Адказы сястры былі да такой ступені бясспрэчныя і праўдзівыя для Жавера, што ён не звярнуў нават увагі на пагашаную свечку, якая стаяла на стале і кнот якой яшчэ дымеў.

Праз гадзіну нейкі чалавек, прабіраючыся паміж дрэў у тумане, аддаляўся шпаркімі крокамі ад горада М. у кі-