Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

няй прыступцы лесніцы, ціха адчыніў дзверы, асцярожна падышоў да зкна і крыху прычыніў яго акяніцай, потым вярнуўся па свечку і ўнёс яе ў пакой.

Перасцярога гэта была не лішняя: як вядома, акно яго пакоя выходзіла на вуліцу.

Ен акінуў позіркам увесь пакой. Ніякіх слядоў непарадку папярэдняй ночы не было. Вартаўніца прыбрала пакой. Яна толькі выняла з каміна і пакінула на стале жалезныя наканечнікі згарэлага кія і пачарнелую ад копаці манету.

Ён узяў чысты лісток паперы і напісаў: „Вось два наканечнікі майго кія і манета ў сорак су, украдзеная ў Пты-Жэрве; я пра іх упамінаў у судзе“, і паклаў усё гэта на самым відным месцы, каб яны адразу кінуліся ў вочы пры ўваходзе ў пакой. Потым ён выхапіў старую кашулю і разадраў яе. У гэтую анучу ён закруціў два срэбныя падсвечнікі. Ён не хваляваўся і не спяшаўся. Закручваючы падсвечнікі епіскапа, ён у той-жа час адкусваў кавалкі чорнага хлеба і еў. Напэўна, гэта быў турэмны хлеб, які ён знёс з сабою, уцякаючы.

Гэта было пасля ўстаноўлена судовымі ўладамі, калі яны потым з'явіліся і знайшлі на падлозе крошкі.

У дзверы злёгку стукнулі два разы.

— Заходзьце! — сказаў ён.

Увайшла сястра Сімпліцыя.

Яна была бледная, вочы яе былі чырвоныя; свечка, якую яна трымала ў руцэ, дрыжэла. Жорсткасць лёсу мае ў сабе тую асаблівасць, што, як-бы мы ні былі падрыхтаваны да ўсякай выпадковасці, як-бы мы ні загрубелі, яна заўсёды ўхітраецца падняць з глыбіні нашых душ чалавечыя пачуцці. Хваляванні перажытага дня зрабілі з манашкі зноў жанчыну. Яна плакала і дрыжэла.

Жан Вальжан накідаў на паперцы некалькі радкоў, якія і перадаў ёй, сказаўшы:

— Прашу вас, сястра, перадаць гэта папу.

Яна прачытала напісанае: „Прашу бацюшку назіраць за ўсім, што я тут пакідаю. Няхай ён заплаціць судовыя выдаткі па маёй справе і пахавае памёршую сёння жанчыну. Астатняе няхай раздасць бедным“.

Сястра хацела штосьці сказаць, але ледзь толькі магла вымавіць некалькі бяссувязных гукаў. Нарэшце, яна вымавіла:

— Хіба пан мэр не пажадае ў апошні раз зірнуць на бедную пакутніцу?

— Не, — адказваў ён. — За мною гоняцца па пятах і могуць яшчэ арыштаваць у яе пакоі. Гэта ўстрывожыла-б яе спакой.

Ледзь ён праказаў гэтыя словы, як на лесніцы раздаўся