Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Жан Вальжан апусціў сваю руку на трымаўшы яго кулак Жавера, без ніякага намагання разняў яго, як руку дзіцяці, і потым сказаў:

— Вы забілі гэтую жанчыну!

— Час, аднак, скончыць! — ускрыкнуў Жавер з ярасцю. — Я тут не для таго, каб пускацца ў разважанні. Пакінем усё гэта! Варта чакае ўнізе; ідзі зараз-жа, а то ручныя кайданы!

У кутку пакоя стаяў стары жалезны ложак, які служыў пасцеллю для сясцёр, якія дзяжурылі ўначы. Жан Вальжан падышоў да гэтага ложка, шпарка вырваў з спінкі жалезны прут і зірнуў на Жавера. Жавер адступіўся да дзвярэй.

Жан Вальжан з жалезам у руцэ паціху набліжаўся да ложка Фантыны. Потым, абярнуўшыся да Жавера, сказаў ледзь чутным голасам:

— Не раю вам перашкаджаць мне ў гэтую хвіліну.

Жавер трапятаў. У яго мільганула думка паклікаць варту, але Жан Вальжан мог схавацца за гэты час. Ён астаўся ля дзвярэй, сціснуўшы кій у руцэ і не зводзячы вачэй з сваёй афяры.

Жан Вальжан аблакаціўся на край ложка, апусціў галаву на руку і накіраваў позірк на Фантыну, маўклівую і нерухомую. Ён доўга аставаўся ў такім стане, мабыць забыўшыся пра ўсё навакольнае. На твары яго быў бясконцы жаль. Праз некалькі хвілін ён нахіліўся да вуха Фантыны і пачаў штосьці ціха шаптаць ёй.

Што ён ёй гаварыў? Што мог гаварыць гэты адпакутваўшы чалавек гэтай нябожчыцы? Якія гэта былі словы? Ніхто ў свеце не чуў іх.

Жан Вальжан узяў абодвума рукамі галаву Фантыны і паклаў яе на падушку, як маці кладзе сваё дзіця. Потым паправіў ёй валасы і завязаў каўнер кашулі. Пасля заплюшчыў ёй вочы.

Твар Фантыны ў гэтую хвіліну здаваўся асветленым дзіўным ззяннем.

Рука яе звесілася з ложка. Жан Вальжан стаў на калені, ціха падняў яе і пацалаваў.

Потым ён устаў на ногі і абярнуўшыся да Жавера, сказаў:

— Цяпер я ваш, калі ласка.

ХХХІ

ПАЛІЦЫЯ ЎСТУПАЕ Ў СВАЕ ПРАВЫ

Жавер адвёў Жана Вальжана ў гарадскую турму. Арышт пана Мадлена зрабіў у горадзе вялікае узрушэнне. Сумна прызнацца, што па аднаму слову: „гэта былы катарж-