Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Жан Вальжан не спрабаваў вызваліцца з трымаўшай яго рукі. Ён сказаў:

— Жавер…

Жавер перапыніў яго.

— Заві мяне „пан інспектар“.

— Судар, — запярэчыў Жан Вальжан, — я павінен сказаць вам нёкалькі слоў аднаму.

— Уголас! Кажы ў голас! — адказваў Жавер. — Са мной усе гавораць голасна.

Жан Вальжан казаў далей, прыцішыўшы голас:

— У мяне да вас вялікая просьба.

— Кажу табе, гавары ўголас.

— Але гэта ніхто не павінен чуць, апрача вас.

— Гэта мяне не датычыць, я не слухаю.

Жан Вальжан нахіліўся да яго і сказаў хутка і ціха:

— Дайце мне тры дні тэрміну. Я з‘езджу толькі па дзіця гэтай няшчаснай жанчыны. Я за ўсё заплачу. Калі хочаце, то можаце суправаджаць мяне.

— Ды ты што, смяешся! — ускрыкнуў Жавер. — Ты лічыш мяне дурнем, ці што? Даць табе тры дні на паездку, каб прывезці дзіця гэтай дзеўкі! Гэта нядрэнна. Вось выдумаў!

Фантына ўся задрыжэла.

— Маё дзіця! — ускрыкнула яна. — Ехаць па маё дзіця! Хіба яго тут няма? Сястра, скажэце калі ласка, дзе Казета? Я хачу яе бачыць. Пан Мадлен! Пан мэр!

Жавер тупнуў нагой.

— Цяпер другая! Ці змоўкнеш ты нарэшце? Вось дык краіна, дзе катаржнікі займаюць вышэйшыя пасты, з распуснымі жанчынамі абыходзяцца, як з графінямі. Ну, затое цяпер усяму гэтаму канец, пара ўжо!

Ён пільна зірнуў на Фантыну і, як і раней, не выпускаючы каўняра паліто Жана Вальжана, дадаў:

— Кажу табе, тут няма больш ні пана Мадлена, ні пана мэра. Ёсць толькі злодзей, разбойнік, катаржнік па імю Жан Вальжан, вось той самы, якога я трымаю цяпер. Вось што! Фантына выпрасталася на ложку і, абапёршыся абодвума рукамі на падушку, глядзела на Жана Вальжана, на Жавера, на манашку. Яна разявіла рот, каб загаварыць, але з вуснаў у яе вырвалася толькі нейкае хрыпенне. Зубы яе ляскалі. Яна ў невыразімай нудзе працягнула наперад рукі, канвульсіўна растапырыўшы пальцы, як тапелец, шукаючы апоры, потым раптоўна павалілася на падушку.

Галава яе стукнулася аб спінку ложка, потым упала на грудзі. Рот астаўся разяўлены, вочы шырока расплюшчаны, зрэнкі патухлі.

Яна была мёртвая.