Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і яшчэ таму, што ўвечары мог узняцца халодны вецер і вышаў.

Сонца амаль ужо зайшло, калі епіскап прышоў да месца свайго прызначэння. З заміраннем сэрца ўбачыў ён, што падыходзіць да логава. Пераскочыўшы цераз канаву, ён пераступіў праз нізенькую агарожу, увайшоў на двор і раптам ззаду за пустазеллем і хмызняком убачыў самое жыллё. Гэта была маленькая чысценькая халупка, фасад якой абвівалі расліны.

Перад дзвярыма на старым сялянскім крэсле на каточках сядзеў сівы дзядок і ўсміхаўся сонцу.

Каля яго стаяў хлопчык-пастушок і працягваў яму чашку з малаком.

У той час, калі епіскап разглядаў яго, стары прамовіў:

— Дзякуй, мне больш нічога не патрэбна,—і з усмешкай пачаў глядзець на хлопчыка.

Епіскап падышоў бліжэй. Пачуўшы шум крокаў, стары са здзіўленнем абярнуўся:

— З таго часу, як жыву я тут, гэта першае наведванне. Хто вы, судар?

— Маё імя Б‘енвеню Мірыель.

— Б‘енвеню Мірыель! Я чуў гэтае імя. Ці не вас гэта народ называе свяцейшым Б‘енвеню?

— Так, мяне.

Стары, ледзь усміхаючыся, казаў далей:

— У такім выпадку, вы мой епіскап?

— Часткова.

— Заходзьце, судар.

Грамадзянін Ж. працягнуў яму руку, але епіскап, не падаючы сваёй, сказаў:

— Я рад, што мяне ашукалі; на мой погляд вы зусім не такі хворы.

— Я папраўлюся хутка. Смерць возьме мяне праз тры гадзіны, не больш, бо я крыху знаёмы з медыцынай і ведаю прыметы смерці,—пачаў гаварыць Ж.—Учора ў мяне пахаладзелі толькі ногі, сёння ўжо калені, а зараз я адчуваю, што пахаладзеў да пояса; як дойдзе да сэрца, усяму будзе канец. Якое чароўнае сонца, праўда? Я папрасіў-бы вывезці мяне, каб у апошні раз палюбавацца прыродай. Вы можаце гаварыць са мною; гэта мяне не стамляе. Вы добра зрабілі, што прышлі паглядзець на паміраючага чалавека. У кожнага свая манія. Я хацеў-бы дажыць да світання, але я ведаю, што не пражыву і трох гадзін. Настане ноч. Але-ж ці не ўсё роўна? Канчаць—простая справа! Для гэтага не патрэбна чакаць раніцы. Я памру пад святлом зорак!