Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Потым яна працягнула наперад рукі, робячы ўсім знак маўчаць, і пачала з захапленнем прыслухоўвацца да чагосьці.

На дварэ бегала чыясьці маленькая дзяўчынка. Яна гучна смяялася і крычала, падскоквала і спявала. Фантына пачула яе.

— О, — ускрыкнула яна, — гэта мая Казета! Я пазнаю яе па голасе.

Дзяўчынка пабегла на другі канец двара, галасок яе змоўк. Фантына яшчэ прыслухоўвалася з хвіліну, потым твар яе пацямнеў, і пан Мадлен чуў, як яна ціха праказала:

— Які злы гэты доктар, што не дазваляе мне бачыць маю дзяўчынку. У яго нядобры твар.

Потым яна зноў павесялела і пачала гаварыць:

— Якія мы будзем шчаслівыя! Перш за ўсё ў нас будзе маленькі садок. Пан Мадлен абяцаў мне гэта. Мая дачка будзе гуляць у садзе, а я буду на яе глядзець. А потым яна вырасце вялікая…

І яна ўсміхнулася.

Мадлен выпусціў руку Фантыны. Ён прыслухоўваўся да яе слоў, як прыслухоўваюцца да шуму ветру. Вочы яго былі апушчаны, і ўвесь ён быў пагружаны ў глыбокую думу. Раптам яна перапыніла сваю гаворку і мімаволі прыўзняла галаву з падушкі. Яна зрабілася страшная.

Яна не гаварыла, не дыхала; яна ледзь прыўстала на сваім ложку. Худое плячо агалілася з-пад кашулі. Твар яе, за хвіліну яшчэ ззяючы, памярцвеў. Здавалася, быццам, позірк яе накіраваўся на штосьці страшнае, што стаяла перад ёю ў процілеглым канцы пакоя. Вочы расшырыліся ад жаху.

— Божа! — ускрыкнуў ён. — Што з вамі, Фантына?

Яна не адказала і не зводзіла позірку з прадмета, на які глядзела. Адной рукой схапіла яна за плячо Мадлена, а другой зрабіла яму знак абярнуцца.

Ён азірнуўся і ўбачыў Жавера.

XXX

ЖАВЕР ЗАДАВОЛЕНЫ

Вось што здарылася.

Было дванаццаць з паловаю гадзін ночы, калі пан Мадлен вышаў з зала суда. Ён вярнуўся ў гасцініцу і адразу-ж выехаў у М. Крыху раней шасці гадзін раніцы ён быў ужо ў горадзе і першае, што зрабіў, гэта ўкінуў у паштовы