Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Пабялелі! — паўтарыў ён.

Сястра Сімпліцыя знайшла абломак люстра, які доктар падносіў да вуснаў хворых, каб упэўніцца ў іх смерці. Пан Мадлен зірнуў на свае валасы і праказаў:

— Сапраўды.

Ён праказаў гэта зусім абыякава, нібы думаючы пра іншае. Сястра адчувала, што халадзее ад чагосьці невядомага, пра што яна смутна здагадвалася.

— Ці магу я бачыць яе? — запытаў ён.

— Хіба пан мэр не прывязе дзіця? — ледзь адважылася запытаць сястра.

— Вядома, так, але для гэтага спатрэбіцца па крайняй меры два ці тры дні.

— Калі яна цяпер вас не ўбачыць, — нясмела запярэчыла сястра, — то яна будзе думаць, што вы не вярнуліся, і яе лёгка можна будзе ўгаварыць цярпліва чакаць вашага звароту, калі вы ўжо напэўна прывязеце дзяўчынку. Не трэба будзе ілгаць.

Пан Мадлен, здавалася, падумаў некалькі хвілін, потым сказаў са спакойнай суровасцю:

— Не, сястра, я павінен яе бачыць. Магчыма, мне трэба спяшацца.

Манашка зрабіла выгляд, што не заўважыла слова „магчыма“, якое надало цёмны і таямнічы сэнс заяве мэра. Апусціўшы вочы, яна сказала пачцівым тонам:

— У такім выпадку, пан мэр можа ўвайсці; але хворая спіць.

Ён зрабіў заўвагу наконт дзвярэй, якія рыпелі і сваім шумам маглі разбудзіць хворую, потым увайшоў у пакой Фантыны, падышоў да яе пасцелі і рассунуў полаг. Яна спала. Дыханне са страшэнным хрыпам вылятала з яе грудзей. Але яно не парушала ціхага спакою, разлітага па яе твары і надаваўшага ёй асаблівы выгляд у сне. Бледнасць перайшла ў белізну; на шчоках ірдзеў румянец. Даўгія залацістыя расніцы — адзіная прыгожасць, якая засталася ад яе маладосці і чыстаты, — злёгку дрыгацелі, застаючыся апушчанымі і самкнутымі. Уся істота яе дрыжала, нібы невідочныя крыллі гатовы былі панесці яе. Бачачы яе такою, ні за што нельга было-б сказаць, што гэта ляжыць безнадзейяая хворая. Здавалася, што яна адлятала, але не памірала.

Пан Мадлен пастаяў некалькі хвілін нерухома ля пасцелі, гледзячы то на хворую, то на распяцце над яе галавой, як некалькі часу таму назад, калі ён у першы раз наведаў яе. Цяпер яны абое былі ў тым самым стане: яна спала, ён маліўся. Толькі за гэтыя два месяцы яна пасівела, а ён пабялеў.