Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Потым звярнуўся да публікі.

— Вы ўсе, хто тут прысутнічае, знаходзіце мяне вартым жалю, ці-ж праўда? Божа мой! Калі я ўспомню, што я ледзь не зрабіў, то адчуваю сябе вартым зайздрасці. А між тым, я хацеў бы лепш, каб нічога гэтага не здарылася.

Ён вышаў, і дзверы зачыніліся за ім таксама, як і адчыніліся, бо той, хто робіць вялікія ўчынкі, заўсёды знойдзе ў натоўпе людзей, гатовых ім услужыць.

Менш чым праз гадзіну ўсе абвінавачванні Шанмат‘е былі зняты. Яго адразу адпусцілі на волю. Ён пайшоў у пэўным здзіўленні, лічачы ўсіх звар‘яцелымі і нічога не разумеючы ва ўсёй гэтай падзеі.

ХХІХ

У ЯКІМ ЛЮСТРЫ МАДЛЕН БАЧЫЦЬ СВАЕ ВАЛАСЫ

Пачынала світаць. Фантына ўсю ноч была ў ліхарадцы, брэдзіла і не спала. На світанні яна задрамала. Сястра Сімпліцыя, якая ўвесь час не адыходзіла ад яе, скарыстала гэтую хвіліну, каб прыгатаваць ёй мікстуру. Ужо некалькі часу стаяла яна ў аптэцы, пагружаная ў свой занятак, як раптам, выпадкова абярнуўшыся, яна ціха ўскрыкнула. Перад ёю стаяў пан Мадлен. Ён увайшоў вельмі ціха.

— Гэта вы, пан мэр! — ускрыкяула яна.

— У якім становішчы гэтая бедная жанчына? — запытаў ён амаль шэптам.

— Цяпёр нішто сабе. Але мы вельмі турбаваліся.

Яна расказала яму, што Фантыне напярэдадні было вельмі дрэнна, але цяпер ёй лепш, таму што яна ўпэўнена, што мэр паехаў у Манфермейль па яе дзяўчынку. Сястра не адважылася задаць пытання пану мэру, але па яго выгляду яна зразумела, што ён зусім не адтуль.

— Гэта вы добра зрабілі, што пакінулі яе ўпэўненай у тэтым, — сказаў ён.

— Вядома, — адказала сястра, — але цяпер, калі яна ўбачыць вас аднаго, без дзіцяці, што мы ёй скажам?

Ён з хвіліну падумаў.

— Бог натхніць нас, — адказаў ён нарэшце.

— Тым не менш ілгаць нельга, — праказала сястра ўпоўголаса.

У пакоі зрабілася зусім светла. Дзень асвятліў твар пана Мадлена. Сястра выпадкова ўзняла вочы.

— Божа мой, судар! — ускрыкнула яна. — Што здарылася з вамі? Вашы валасы зусім пабялелі!