Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён,—лепш ужо адразу сказаць жахлівую рэч,—быў калісьці членам Канвента[1].

Звалі яго грамадзянін Ж. Гэтае імя з жахам успаміналася жыхарамі маленькага правінцыяльнага гарадка.

Уявіце сабе, ён-жа належаў да тых часоў, калі называлі адзін другога „грамадзянамі“ і гаварылі адзін другому „ты“! Гэта-ж страшыдла: калі ён і не падаваў голасу супроць караля, то ўсё-такі судзіў яго. Гэты страшны чалавек быў амаль царазабойцам. Як гэта здарылася, што яго не аддалі пад суд пры аднаўленні на прастоле законных каралёў? Хоць ён і не заслугоўваў кары смерцю, але было-б не лішняе выгнаць яго з бацькаўшчыны. Трэба-ж паказваць добры прыклад! Апрача таго ён быў бязбожнік, як і ўсе людзі яго натуры.

Так гэтыя гарадскія качкі судзілі каршуна.

Але ці быў сапраўды грамадзянін Ж. каршуном?

Бадай што, калі меркаваць па суровай абстаноўцы яго жыцця. Кілометры за тры ад горада, далёка ад усіх дарог, у зарослай даліне ў яго быў кавалачак зямлі, а месцамі яго жылля была якаясьці дзірка: ні суседзяў, ні прахожых. З таго часу як ён пасяліўся ў гэтай даліне, сцежачка, што вяла да яе, зарасла травою. Пра гэта месца гаварылі, як пра жыллё забойцы. Аднак, час ад часу епіскап паглядаў у той бок, які абазначаўся на гарызонце групай дрэў. Ён казаў: „Там у адзіноце мучыцца чалавек“.

А сумленне падказвала яму: „Я павінен наведаць гэтага чалавека“. Але думка, яна спачатку здавалася такой натуральнай, пасля мінутнага размышлення ўяўлялася яму немагчымай, невыканальнай, амаль адштурхоўваючай. Сапраўды, епіскап меў да гэтага грамадзяніна Ж. пачуццё, блізкае да адчурання, можа і не ўсведамляючы нават гэтага ясна.

Ці заўсёды пастыр павінен цурацца заражонай авечкі? Не, мяркуючы па тым, якая авечка.

Добры епіскап быў збянтэжаны. Некалькі разоў ён спускаўся ў даліну, але з поўдарогі вяртаўся назад. Аднойчы па горадзе разнесліся чуткі, што пастух, які прыслужваў грамадзяніну Ж., прыбег у горад па доктара. Стары нягоднік памірае ад параліча і не перажыве, напэўна, гэтай ночы. „Дзякуй богу“! дадавалі пры гэтым некаторыя.

Епіскап узяў свой кій, апрануў расу, каб схаваць свой падраснік, які, як мы ўпаміналі раней, ён зношваў ушчэнт,

  1. Канвент—вышэйшы орган улады ў эпоху буржуазнай французскай рэволюцыі. Члены Канвента, якія засталіся жывымі к часу аднаўлення манархіі ў Францыі, былі ганімы і ў большасці выбылі за межы каралеўства.