Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вымаўлялася з вялікай пашанай. Іншыя маленькія гарады зайздросцілі гораду М., што ў яго такі мэр.

Старшыня суда, як і ўсе, ведаў па імю паважанага пана Мадлена. Таму, калі прыстаў, падышоўшы да яго, падаў яму запіску, дадаўшы: „Гэты пан жадае прысутнічаць на пасяджэнні“, ён зрабіў шпаркі рух, узяў пяро, прыпісаў унізе некалькі слоў і, перадаючы лісток назад прыставу, сказаў:

— Запрашайце!

Няшчасны чалавек, аповесць якога мы цяпер расказваем, стаяў перад дзвярыма ў той-жа позе, у якой пакінуў яго прыстаў. Ён смутна пачуў, як хтосьці сказаў яму:

— Калі ласка, хадзіце за мной, паважаны судар.

Гэта быў той самы прыстаў, які за некалькі хвілін да гэтага павярнуўся да яго спіной, а цяпер кланяўся да зямлі. У той-жа час ён падаў яму запіску старшыні. Там стаяла:

„Старшыня суда сведчыць сваю пашану пану Мадлену“.

Ён скамячыў паперку ў руках, нібы ў ёй заключалася нешта крыўднае і горкае.

Ён пайшоў за прыставам. Праз некалькі хвілін ён астаўся адзін у якімсьці габінеце, асветленым двума запаленымі свечкамі, якія стаялі на накрытым зялённм сукном стале. У яго вушах гучэлі яшчэ апошнія словы праважатага, перад тым як той пайшоў.

— Вы знаходзіцеся, паважаны судар, у нарадчым пакоі. Вам варта толькі павярнуць ручку гэтых дзвярэй, і вы апынецеся ў зале пасяджэнняў, ззаду за старшынёвым крэслам.

Словы гэтыя блыталіся ў яго з успамінамі аб цёмных карыдорах і лесніцах, па якіх ён толькі што праходзіў.

Настала рашучая хвіліна. Ён дарэмна намагаўся сабраць свае думкі. Заўсёды здараецца, што ў хвіліны, калі больш за ўсё неабходна ўладаць сабою, усе ніці мышлення раптам парываюцца. Ён знаходзіўся ў тым пакоі, дзе суддзі раяцца і абвінавачваюць. З бессэнсоўным спакоем аглядаў ён гэты ціхі і страшны пакой, дзе разбіта было столькі людскіх жыццяў, дзе зараз прагучыць яго імя і дзе вырашыцца яго лёс. Ён паглядзеў на сцены, потым на сябе, дзівячыся, што знаходзіцца ў гэтым пакоі.

Ужо цэлыя суткі ён нічога не еў. Цела ламала ад дарожнай трасяніны, але ён не думаў ні пра што. Здавалася, ён нічога не адчуваў.

Раптам вочы яго спыніліся на меднай ручцы дзвярэй. Ён амаль забыў пра іх. Позірк яго, спачатку спакойны, набыў раптам збянтэжаны выраз, які мала-па-малу перайшоў у жах. Кроплі халоднага поту выступілі на ілбе і на скронях.