Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ёй хутка сем год. Зусім паненка. Божачка, як гэта неразумна разлучацца з дзецьмі на цэлыя гады. Трэба заўсёды памятаць, што жыццё не вечнае. Які добры пан мэр, што паехаў па яе. Ён будзе тут заўтра, ці-ж не праўда? Заўтра будзе свята. Заўтра раніцою, сястра, вы мне дасце надзець мой кружаўны чэпчык. Колькі адсюль да Манфермейля?

Сястра, якая і ўяўлення не мела аб адлегласці, адказала:

— О, думаю, што ён заўтра раніцою будзе тут.

— Заўтра, заўтра я ўбачу Казету. Бачыце, я зусім нават не хворая, я вар‘ятка. Калі-б хто-небудзь захацеў, я пайшла-б танцаваць.

За гэтыя чвэрць гадзіны яна зусім ператварылася. Яна паружавела, гаварыла вясёлым і натуральным голасам, увесь твар яе смяяўся. Часам яна штосьці шаптала пра сябе.

— Ну, вы цяпер шчаслівая, — заўважыла манашка, — дык будзьце-ж паслухмяныя: не гаварыце больш.

Фантына пакорліва ўляглася і пачала, усміхаючыся моўчкі, пераводзіць вочы з прадмета на прадмет.

Сястра засмаргнула фіранкі ложка, спадзяючыся, што хворая засне.

Паміж сямю і васмю гадзінамі вечара прышоў доктар. Не чуючы ніякага руху, ён асцярожна падышоў да ложка, думаючы, што Фантына спіць, Ён крыху рассунуў полаг і са здзіўленнем убачыў, што яна ляжыць спакойна з шырока расплюшчанымі вачыма. Убачыўшы яго, яна сказала:

— Ці-ж няпраўда, судар, мне дазволяць пакласці яе поруч з сабою ў маленькім ложку?

Доктар падумаў, што яна брэдзіць, адвёў сястру Сімпліцыю ўбок і пачаў распытваць у яе пра пана Мадлена. Сястра расказала яму, што ён паехаў некуды можа на некалькі дзён, а хворая ўпэўнена, што ён адправіўся ў Манфермейль па яе дзіця. Можа гэта і праўда, ва ўсякім выпадку бедную жанчыну не расчароўвалі ў гэтым. Доктар ухваліў гэтае рашэнне. Ён падышоў да Фантыны і сказаў:

— Дайце мне вашу руку.

- Ах, дык вы-ж не ведаеце, што я зусім здаровая. Заўтра прыедзе Казета.

Доктар быў здзіўлены. Ёй было сапраўды лепш. Пульс зрабіўся мацнейшы. Здавалася, жыццё зноў улілося ў яе цела.

Пан доктар, а ці сказала вам сястра, што пан мэр паехаў па маю малютку?

Доктар параіў ёй маўчаць і як можна менш хвалявацца.