Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Пані Маглуар,—адказваў епіскап Б‘енвеню,—вы памыляецеся. Прыгожае таксама неабходна, як і карыснае.

І дадаў пра сябе:

— Магчыма нават больш.

У доме не было ніводных дзвярэй, якія-б замыкаліся на ключ. Дзверы са сталовай, як ужо сказана, адчыняліся проста на вуліцу, на саборную плошчу. Калісьці да іх былі прыладжаны засавы, як на турэмных дзвярах. Епіскап усё гэта пазнімаў, і дзень і ноч яны зачыняліся толькі на клямку. Штурхнуўшы іх, можна было ўвайсці ў дом хоць каму і хоць калі. Спачатку гэта вельмі непакоіла абодвух жанчын, але яго прападоб‘е сказаў ім:

— Калі хочаце, то загадайце зрабіць засавы на вашых дзвярах.

Нарэшце яны прывыклі да гэтага, ці можа рабілі выгляд, што нічога не баяцца. Пані Маглуар толькі часам пачынала палохацца.

Абедзве жанчыны ўмелі прыстасоўвацца да прывычак епіскапа з чыста жаночым інстынктам, дзякуючы якому жанчына разумее мужчыну лепш, чым ён сам сябе.

Епіскап горада Дыня, не гледзячы на свой скромны і просты выгляд, рабіў часам адважныя і цудоўныя справы, сам, як відаць, не заўважаючы гэтага. Жанчыны дрыжэлі за яго, але не ўмешваліся. Часам пані Маглуар адважвалася перасцерагчы яго, але ніколі яму не перашкаджалі ні словам, ні нават жэстам у пачатай ім справе. Бывалі пэўныя мінуты, калі без усякіх слоў з яго боку, мо па сваёй простадушнасці і самі таго не разумеючы, яны смутна адчувалі, што ён дзейнічае як патрабуе, і зусім стушоўваліся, і, калі ад іх патрабавалася, каб яны зніклі, яны слухаліся. Яны інстынктыўна адчувалі, што ў пэўны час усякая клапатлівасць можа толькі ацяжарыць чалавека; часам разумеючы нават, што яму пагражае небяспека як служыцелю культа, яны разумелі, не скажу—яго думкі, але яго натуру да такой ступені, што не клапаціліся пра яго, а даручалі яго ўласнай волі, хоць мадэмуазель Батыстын казала, што смерць брата будзе таксама і яе смерцю. Пані Маглуар не казала гэтага, але ведала гэта.

V

У ПРАМЕННЯХ НЕЗНАЁМАГА СОНЦА

Справа ў тым, што аднойчы, калі верыць гарадскім чуткам, епіскап зрабіў куды больш смелы ўчынак, чым наведванне гор, занятых разбойнікамі.

У аколіцах Дыня жыў у поўнай самоце адзін чалавек