Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сястра Сімпліцыя таксама дзівілася адсутнасці пана Мадлена.

Гадзін у шэсць яна паслала запытаць, ці не вярнуўся ён. Пасланая вярнулася з адказам, што пан Мадлен паехаў у шэсць гадзін раніцы і наўрад ці вернецца раней заўтрашняй раніцы.

Пакуль абедзве жанчыны шапталіся, Фантына з ліхарадкавай жвавасцю, уласцівай некаторым хворым, ускочыла на калені на сваёй пасцелі і, прасунуўшы галаву ў адтуліну полага, прыслухалася. Раптам яна ўскрыкнула:

— Вы гаворыце пра пана Мадлена? Нашто вы шэпчыцеся? Што з ім? Чаму ён не едзе?

Голас яе быў такі прарэзлівы і грубы, што абедзве жанчыны спалохана павярнуліся.

— Адказвайце-ж! — закрычала Фантына.

— Супакойцеся, дзіця маё, — сказала сястра. — Кладзіцеся.

Фантына, не змяняючы становішча і не звяртаючы ўвагі на словы сястры, казала далей тым-жа тонам:

— Вы там шапталіся, вы ведаеце, чаму яго няма, кажыце зараз. Я хачу ведаць.

— Ён паехаў, — адказала сястра.

Фантына села на ложку. Вочы яе запалалі. Невыказаная радасць разлілася па яе лакутніцкім твары.

— Паехаў! — ускрыкнула яна. — Напэўна, па Казету.

Потым яна з мальбою склала рукі і, гледзячы на неба, пачала ціха шаптаць словы малітвы.

— Любая сястра, — сказала яна, скончыўшы маліцца, — я хачу зноў легчы. Я буду рабіць усё, што мне загадаюць. Я зараз была такая злая, гаварыла так голасна; прабачце мне, я ведаю, што гэта нядобра. Але цяпер я страшэнна задаволена. Пан Мадлен такі добры: падумайце, ён-жа паехаў па Казету ў Манфермейль.

Яна зноў паслухмяна ўляглася і пацалавала срэбны крыжык, што вісеў у яе на шыі, падараваны ёй сястрой Сімпліцыяй.

— Пастарайцеся заснуць цяпер, дзіця маё. Не гаварыце больш.

Фантына схапіла ў свае вільготныя далоні руку сястры Сімпліцыі.

— Ён сёння раніцою паехаў у Манфермейль. Памятаеце, ён учора, калі я запытала ў яго, калі-ж будзе Казета, адказаў: „Хутка, хутка“. Гэта ён хацеў мне зрабіць сюрпрыз. Тэнард'е, напэўна, аддадуць яе, ім-жа заплацяць... Не, не, дарагая сястра, дайце мне пагаварыць. Я вельмі шчаслівая, я хутка ўбачу Казету. Вы не можыце сабе ўявіць, якая яна міленькая! Цяпер яна ўжо напэўна вялікая, бо