Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Праз хвіліну пакоі і сцяна процілеглага дома асвятліліся водблескамі яркага полымя.

З торбы, якая гарэла разам з іншым рыззём, выпаў якісьці прадмет, які зіхануў у попеле. Угледзеўшыся, лёгка было пазнаць невялікую срэбную манету. Бясспрэчна, то былі сорак су, украдзеныя ў малевькага саваяра.

Ён-жа не глядзеў на агонь, а ўсё кідаўся па пакоі. Раптам вочы яго трапілі на срэбныя падсвечнікі.

„А, — падумаў ён, — увесь Жан Вальжан сядзіць яшчэ тут. Трэба гэта знішчыць“.

Ён узяў у рукі падсвечнікі.

Агню аставалася даволі для таго, каб яны маглі ператварыцца ў бясформеную масу і каб іх нельга было пазнаць.

Ён нагнуўся да агню і пагрэўся з хвіліну. Яму зрабілася добра.

— Добры агонь! — сказаў ён.

Адным з падсвечнікаў ён паправіў вуголле. Праз хвіліну абодва былі ў полымі.

У гэты міг яму здалося, што якісьці голас унутры яго закрычаў: „Жан Вальжан, Жан Вальжан!“

Валасы яго сталі дыбком; ён зрабіўся падобным да чалавека, які прыслухоўваецца да чагосьці страшнага.

— Так, гэта так, канчай, — гаварыў голас. — Давяршай тое, што ты зрабіў. Знішчы падсвечнікі, знішчай гэты ўспамін, забудзь епіскапа, забудзь усё! Загубі Шанмат‘е, гэта добра! Пацяшайся. Такім чынам, вырашана: вось чалавек, стары, не разумеючы, чаго ад яго хочуць, які нічога, мабыць, не зрабіў, нявінны, няшчасце якога заключаецца толькі ў тым, што яму прыпісваюць тваё імя, якое душыць яго, як злачынства; яго палічылі за цябе, яго асудзяць замест цябе, і ён скончыць дні свае ў ганьбе і адвяржэнні. Ты-ж астанешся сумленным чалавекам. Аставайся мэрам. Усімі паважаным і ўсхваляемым, узбагачай горад і грамадзян, выхоўвай сірот, жыві шчасяліва, добрадзейна і бездакорна, а другі ў гэты час замест цябе будзе насіць арыштанскую куртку, пагарджанае імя і твае ланцугі на катарзе. Так, ты цудоўна ўсё наладзіў. А, пагарджаны!

Па ілбе Жана Вальжана струменіўся пот. Ён накіраваў на падсвечнікі блукаючы позірк.

Голас, спачатку слабы, ледзь чутны ў глыбіні яго сумлення, гучэў цяпер, як трубны голас, над самым яго вухам. Яму здавалася, што ён выходзіў з яго, але чуцен быў нібы знадворку. Апошнія словы яму пачуліся так выразна, што ён азірнуўся з нейкім жахам.