Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пакарання, я гатовы быў загубіць цэлую краіну. Гэта-ж гнусна! І калі-б нават сумленне маё дакарала мяне ў гэтым, то я-ж вынесу гэтыя дакоры дзеля бліжніх, якім я неабходны. Па-мойму, гэта таксама вялікая добрадзейнасць і самаадданасць.

Ён зноў пачаў хадзіць па пакоі. На гэты раз яму здавалася, што ён задаволены, што ён знайшоў ісціну.

— Я знайшоў сапраўднае рашэнне, — думаў ён. — Трэба-ж на чым-небудзь спыніцца. Нечага больш хістацца і адступаць. Ад гэтага залежыць лёс многіх, а не аднаго мяне. Я — Мадлен і астаюся Мадленам. Гора таму, хто носіць імя Жана Вальжана! Але гэта не я. Я не ведаю гэтага чалавека. Калі ёсць такі, няхай ён спраўляецца, як хоча. Гэта мяне не датычыць. Гэта імя ракавое, якое лунае ў цемры. Калі яно звалілася каму-небудзь на галаву, тым горш для гэтай галавы!

Ён паглядзеўся ў маленькае люстэрка над камінам і сказаў:

— Вось што азначае прыняць якое-небудзь цвёрдае рашэнне: у мяне цяпер зусім іншы твар.

Ён зрабіў яшчэ некалькі крокаў і раптам спыніўся.

— Цяпер не трэба раздумваць ні над якімі вынікамі. Асталіся яшчэ некаторыя ніці, якія звязваюць мяне з Жанам Вальжанам. Трэба іх перарваць. У гэтым самым пакоі нават ёсць рэчы, якія могуць мяне выдаць, нямыя сведкі мінулага. Трэба, каб яны зніклі.

Ён выняў з кашалька маленькі ключык і адпёр патайную шафачку, умайстраваную ў сцяне і схаваную пад шпалерамі. У гэтым тайніку ляжалі нейкія лахманы: сіняя парцяная блуза, старыя штаны, торба і сукаваты кій з жалезным канцом. Бачыўшыя Жана Вальжана ў Дыні ў 1815 годзе пазналі-б у гэтых лахманах яго жалкае адзенне.

Ён захаваў іх, як і два срэбныя падсвечнікі, як успамін аб зыходным пункце. Але толькі тое, што ён прынёс з катаргі, ён схаваў; тое-ж, што атрымаў ад епіскапа, выставіў напаказ.

Ён палахліва азірнуўся на дзверы, нібы баючыся, каб хто-небудзь не ўвайшоў, не гледзячы на запёртую засаўку. Потым шпаркім і раптоўным рухам схапіў у адно бярэма ўсе гэтыя рэчы і, нё зірнуўшы нават на тое, што так свята і з такою небяспекаю хаваў на працягу некалькіх год, кінуў адразу ўсё гэта ў агонь.

Потым зноў старанна запёр патайныя дзверцы, што было цяпер зусім бескарысна, бо ў шафачцы больш нічога не было, і засланіў іх стулам.