Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На званіцы прыхадской царквы прабіла дванаццаць гадзін ночы. Ён палічыў удары. Яму зрабілася холадна, — ён запаліў камін. Яму не прышло на думку зачыніць акно. Яго зноў ахапіла здрантвенне. Яму прышлося зрабіць вялікае намаганне, каб прыпомніць, пра што ён думаў да таго, як прабіў гадзіннік. Нарэшце ён успомніў.

— А, так, — сказаў ён сабе: — я рашыў данесці на сябе.

І раптам яму ўдарыла думка пра Фантыну.

— Аднак, што-ж станецца з гэтай няшчаснай жанчынай?

Фантына з’явілася, як прамень нечаканага святла. Яму здалося, што ўсё змянілася вакол яго. Ён ускрыкнуў:

— Што-ж гэта я? Дасюль увесь час я думаў толькі пра сябе. Ці мне выгадна маўчаць, ці данесці на сябе, схаваць сваё імя ці выратаваць сваю душу, быць пагарджанай, хоць і паважанай службовай асобай, або адвержаным, але сумленным катаржнікам. Гэта ўсё датычыць мяне. Але, божа мой, гэта-ж страшэнны эгаізм! Ці не варта падумаць і пра іншых? Гэта-ж наш першы абавязак. Паглядзім, абмяркуем. Дапусцім, я знікну, буду зчішчаны, забыты; што выдзе з гэтага? Калі я данясу на сябе, мяне схопяць, Шанмат’е вызваляць, мяне пашлюць на галеры, а потым? Што зробіцца тут? Тут-жа фабрыка, прамысловасць, цэлая краіна, рабочыя, мужчыны, жанчыны, старыя і дзеці, беднякі! Я стварыў усё гэта, я даў жыццё, рух, багацце, душу гэтай краіне. Не стане мяне — адляціць і душа. І гэтая жанчына, што так многа адпакутвала, што захавала столькі вартасці ў сваім падзенні, якой я мімаволі зрабіў столькі зла! А гэтае дзіця, якое я абяцаў даставіць маці? Хіба я не абавязан спачатку суцешыць яе? Калі мяне не стане, што здарыцца? Маці памрэ, дзіця будзе кінута на волю лёсу. Вось што будзе, калі я данясу на сябе. А калі я не данясу? Паглядзім, што здарыцца, калі я не данясу...

Задаўшы сабе гэтае пытанне, ён спыніўся. На хвіліну ён быў захістаўся і задрыжэў. Але спакой хутка вярнуўся да яго, і ён адказаў сабе:

— Тады той чалавек пойдзе на галеры: гэта праўда. Ну, дык што-ж! Ён-жа зрабіў пакражу! Я-ж астануся тут. Праз дзесяць год у мяне будзе дзесяць мільёнаў, і я раздам іх па ўсёй краіне. Мне нічога не трэба, я працую не дзеля сябе. Краіна будзе квітнець, тысячы сямей будуць шчаслівыя; знікне нястача, а разам з ёю і злачынствы! А гэтая бедная маці выгадуе сваё дзіця. Я проста звар’яцеў, рашыўшы сябе выдаць. Навошта гэта? Няўжо для таго, каб даказаць сваю добрадзейнасць? Якая камедыя! І ўсё гэта таму, што я думаў выключна пра сябе. Каб выратаваць нейкага злодзея ад заслужанага, быць можа,