Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

іх, наадварот, шырока расчыняе зноў, дазваляючы адбыцца гэтай гнуснасці. Ён зноў робіцца злодзеем, агідным грабежнікам. Ён крадзе ў другога існаванне, жыццё, спакой, месца пад сонцам. Ён робіцца забойцам. Ён маральна забівае якогасьці няшчаснага, ён жыўцом асуджае яго на гэтае жыццё, горшае за смерць, якое называецца катаргай. Наадварот, выдаць сябе, выратаваць гэтага чалавека, які стаў афярай ракавой памылкі, аднавіць сваё імя, па пачуццю абавязка зноў зрабіцца катаржнікам Жанам Вальжанам, — вось калі ён завершыць сваё ператварэнне і назаўсёды зачыніць дзверы пекла, з якога вышаў; папасці ў яго целам, значыць, у сапраўднасці вызваліцца з яго. І ён зробіць гэта. Усё, дасюль ім зробленае, нішто, калі ён не зробіць гэтага апошняга геройскага ўчынка. Усё жыццё яго тады бескарысна, раскаянне бясплённае. Ён адчуваў, што епіскап у гэтую хвіліну поруч з ім, з пільна накіраваным на яго позіркам, што ад гэтага часу мэр Мадлен са ўсёю яго ілжывай добрадзейнасцю для яго агідны, але што катаржнік Жан Вальжан будзе ў яго вачах чысты і цудоўны. Людзі бачаць маску, але епіскап бачыць яго сапраўдны твар; людзі бачаць яго жыццё, епіскап — яго сумленне. Належала ехаць у Арас, вызваліць уяўнага Жана Вальжана і паказаць сапраўднага. Увы! гэта была найвялікшая афяра, самая цяжкая перамога, апошні крок. Але так трэба. Горкі лёс!

— Такім чынам, — сказаў ён, — вырашана. Выканаем свой абавязак. Выратуем гэтага чалавека.

Ён вымавіў гэта голасна не ўсведамляючы таго, што гаворыць уголас.

Ён узяўся за свае кнігі, праверыў іх і прывёў у парадак. Ён кінуў у агонь пачку векселяў некалькіх дробных даўжнікоў. Напісаў нейкае пісьмо і запячатаў яго ў канверт, падпісаўшы адрас: „Г. Лафіт, банкіру, вуліца Артуа, Парыж“. Потым выняў з пісьмовага стала некалькі банкавых білетаў і пашпарт, з якім яшчэ ў гэтым годзе адпраўляўся на выбары. Калі-б хто-небудзь мог бачыць яго рабіўшым усе гэтыя дробязі, той не мог-бы і здагадацца, што ў ім што-небудзь адбываецца. Зрэдку толькі губы яго варушыліся. Часам ён падымаў галаву і пільна накіроўваў позірк у адну кропку на сцяне, нібы там заключалася тое, што ён намагаўся вырашыць.

Напісаўшы пісьмо, ён схаваў яго ў кішэню разам з партманетам і зноў пачаў хадзіць узад і ўперад.

Думкі яго не змяніліся. Ён, як і раней, бачыў ярка начартаныя словы абавязка, што асляпляльна ззялі яго разумоваму позірку: „Ідзі, назаві сябе! Выдай сябе!“