Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сядзеннем. Часам усё-такі нехапала месца самому гаспадару. Тады ён станавіўся ля каміна, калі гэта было зімой, або выходзіў у сад, калі гэта было ўлетку.

Не было нічога прасцей за спальню епіскапа. Дзверы, якія ў той-жа час служылі і за акно, выходзілі ў сад. Супроць іх стаяў просты жалезны ложак з балдахінам з зялёнай саржы. За фіранкай некаторыя туалетныя прылады выдавала ранейшага свецкага чалавека. Двое астатніх дзвярэй вялі адны ў малельню, а другія ў сталовую. Тут-жа стаяла вялікая бібліятэчная шафа са шклянымі дзверцамі, поўная кніг. Потым камін, як водзіцца, без агню; над ім пасрэбранае распяцце, на якім у іншых месцах прасвечвалася медзь. Каля садовых дзвярэй — вялікі пісьмовы стол з раскіданымі на ім паперамі і кнігамі. Перад сталом саламянае крэсла. Ля ложка малітвенны стул.

Усе пакоі выбелены былі вапнай, як казармы і шпіталі. Падлогі ўсюды былі з чырвонай цэглы і вымываліся кожны тыдзень. Перад пасцелямі ляжалі саламяныя цыноўкі. Дом зверху да нізу быў надзвычайнай чыстаты. Гэта адзіная раскоша, якую дапускаў епіскап. Ён казаў:

— Гэта нічога не адбірае ў бедных.

Трэба, аднак, прызнацца, што ад ранейшага багацця ў яго аставалася яшчэ шэсць срэбных сталовых прыбораў і адна разліўная лыжка, якую пані Маглуар штодня з вялікай прыемнасцю сузірала на абрусе за абедам. І паколькі мы апісваем тут епіскапа з Дыня такім, які ён быў, то павінны дадаць, што ён не раз паўтараў:

— Мне цяжка было-б адмовіцца ад прывычкі есці срэбнымі лыжкамі.

Апрача таго, у яго былі яшчэ два срэбныя падсвечнікі, якія дасталіся яму ад цёткі. Гэтыя падсвечнікі з устаўленымі ў іх васковымі свечкамі стаялі заўсёды на каміне ў пакоі епіскапа. Калі ў яго абедаў хто-небудзь прыватны, то пані Маглуар запальвала свечкі і ставіла падсвечнікі на стол.

Шэсць срэбных прыбораў захоўваліся заўсёды ў маленькай шафачцы, якая вісела ля ўзгалоўя епіскапа. Праўда, шафачка ніколі не замыкалася.

Маленькі садок перакрыжоўваўся двума алеямі і раздзяляўся імі на чатыры квадраты. На трох з іх пані Маглуар разводзіла гародніну, а чацверты быў засаджаны кветкамі, якія епіскап уласнаручна даглядаў. Аднойчы пані Маглуар заўважыла з хітрай усмешкай:

— Вось вы, ваша святасць, з усяго стараецеся атрымаць карысць, а між тым цэлая градка ў садзе марна гіне. Лепей-бы замест гэтых кветак развесці салат.