Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ухіляцца людзей і аддаць сябе дабру. Гэтыя дзве думкі былі так шчыльна звязаны паміж сабою ў яго мазгах, што зліліся ў адну. Яны аднолькава панавалі над усімі яго малейшымі ўчынкамі. Звычайна яны ўзгадняліся паміж сабою; яны прымушалі яго быць у цені, аставацца ласкавым і добрым і раілі яму адно і тое-ж. Часам, аднак, паміж імі з'яўляўся разлад. У такіх выпадках той, каго ўсе называлі панам Мадленам, незадумваючыся, прыносіў першую думку ў афяру другой: сваю бяспеку сваёй дабрадзейнасці. Так, насуперак усякай асцярожнасці і разважлівасці, ён захаваў падсвечнікі епіскапа, надзеў жалобу па яго смерці, заклікаў і распытваў пра імёны ўсіх маленькіх саваяраў, збіраў звесткі пра сваю сям'ю ў Фаверолі і выратаваў жыццё старому Фашлевану, не гледзячы на трывожныя заўвагі Жавера. Здавалася, ён думаў заўсёды, па прыкладу ўсіх мудрых і справядлівых людзей, перш за ўсё аб бліжнім, а не аб сабе.

Тым не менш ніколі яшчэ нічога падобнага яму не прадстаўлялася. Ніколі ён яшчэ гэтыя дзве галоўныя ідэі, якія кіравалі гэтым няшчасным чалавекам, не ўступалі ў такую страшэнную барацьбу. Ён гэта смутна зразумеў з першых-жа слоў, як толькі Жавер увайшоў у яго кабінет. У тую хвіліну, калі ён пачуў гук свайго імя, так старанна пахаванага ім, яго ахапіла нейкае здрантвенне. Ён быў узрушаны незвычайнасцю свайго лёсу і схіліўся перад ім, як дуб перад набліжэннем навальніцы, як салдат перад прыступам. Ён адчуваў, што над галавой яго збіраюцца хмары, поўныя грому і маланак. Слухаючы словы Жавера, ён у той-жа час хацеў адразу-ж бегчы, данесці на сябе, вырваць з турмы гэтага Шанмат'е і самому сесці на яго месца; але гэта было вострае, балючае адчуванне, нібы нож усадзілі ў жывое цела. Яно ўляглося, і ён сказаў сабе:

— Цішэй, цішэй.

Ён перамог у сабе першы рух велікадушша і адступіў перад гераізмам.

Вядома, было-б цудоўна, калі-б гэты чалавек пасля святых павучанняў епіскапа, пасля столькіх год каяння і самаахвярнасці, не хістаючыся ні на момант, не задумваючыся, стаў-бы далей рухацца спакойным крокам да той прорвы, на дне якой відаць неба; гэта было-б цудоўна. Але гэтага не здарылася. Трэба, каб мы расказалі ўсё так, як яно адбылося ў сапраўднасці. Перш за ўсё загаварыў інстынкт самааховы. Жан Вальжан хутка апрытомнеў, стрымаў хваляванне, падумаў пра небяспеку прысутнасці Жавера, адклаў усякія рашэнні з цвёрдасцю, якой