Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прыслухаўся. Наверсе нібы нехта хадзіў узад і ўперад па пакою. Ён пазнаў крокі пана Мадлена. Гэта яму здалося дзіўным. Звычайна да самай раніцы ў пакоі пана Мадлена было ціха. Потым касір пачуў рыпенне скрынкі, якая адчынялася і зачынялася, потым перасунулі якуюсьці мэблю, потым цішыня, і зноў крокі. Касір устаў з пасцелі і паглядзеў у акно. На сцяне процілеглага дома відаць было чырвонае адлюстраванне полымя. Яно павінна было выходзіць з акна пана Мадлена, не іначай. Паколькі на цені не відаць было аконнага пераплёту, то акно, значыць, было расчынена. Пры такім холадзе гэта было даволі дзіўна. Касір зноў улёгся. Гадзіны праз дзве ён зноў прачнуўся. Тыя-ж самыя крокі над галавой, павольныя і правільныя.

Адлюстраванне полымя ўсё відаць было на сцяне, але было шмат бляднейшае. Цяпер яно здавалася святлом лямпы ці свечкі. Акно ўсё было адчынена.

Вось што адбывалася ў пакоі пана Мадлена.

ХXІV

СТРАШЭННЫЯ ВІХРЫ ПАД ЧЭРАПАМ

Чытач, напэўна, здагадаўся, што пан Мадлен не хто іншы, як Жан Вальжан.

Мы ўжо заглядалі ў глыбіню гэтага сумлення. Надышоў момант заглянуць у яго яшчэ раз. Мы гэта робім не без душэўнага хвалявання і трэпету. Няма нічога страшней падобнага сузірання. Нічога не можа быць ні больш асляпляючага, ні больш змрочнага, як чалавечая душа; няма нічога больш жахлівага, больш складанага, больш таямнічага і бясконцага. Ёсць відовішча больш велічнае чым мора, гэта — неба; ёсць відовішча больш велічнае як нябёсы, гэта — душа чалавека.

Нам астаецца нямнога дадаць да таго, што чытач ужо ведае пра Жана Вальжана пасля прыгоды яго з Пты-Жэрве. Як вядома, з гэтай хвіліны ён зрабіўся зусім іншым чалавекам, Тое, чаго епіскап жадаў ад яго дабіцца, таго ён дасягнуў. Гэта было больш чым ператварэнне, гэта было перараджэнне.

Яму ўдалося знікнуць, прадаць усё срэбра, за выключэннем двух падсвечнікаў, пакінутых як успамін, і, пераходзячы з горада ў горад, ён прайшоў усю Францыю, дабраўся да М., наладзіў справу, пра якую мы ўжо казалі, і, шчаслівы ўсведамленнем, што першая палова яго жыцця зусім знішчана, зажыў мірна і спакойна, маючы толькі два жаданні: схаваць сваё імя і афяраваць сваім жыццём;