Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вы заплаціце мне і за той дзень, што ён адпачываў. Жывёлу вы таксама будзеце карміць на свой кошт.

Пан Мадлен моўчкі выняў з кішэні грошы і, паклаўшы іх на стол, сказаў:

— Вось за два дні наперад.

— Па-трэцяе, для такога доўгага шляху кабрыялет занадта цяжкі. Вам, пан мэр, прыдзецца ехаць ў цільбюры. Гэты экіпаж вельмі лёгкі, але адкрыты.

— Гэта мне ўсёроўна. Я згодзен.

— Цяпер-жа зіма, холадна, можа пайсці дождж.

Але пан Мадлен не слухаў яго. Ён стаяў, глыбока задумаўшыся. Нарэшце падняў галаву і сказаў:

— Экіпаж з канём павінен быць ля дзвярэй майго дома ў чатыры з паловай гадзіны раніцы.

— Слухаю, пан мэр, — адказаў Скофлэр. — Але вось пра што я ўспомніў зараз: пан-жа мэр не сказаў мне, куды ён едзе.

Па сутнасці, з самага пачатку гутаркі ён толькі пра гэта і думаў, але чамусьці не адважыўся запытаць.

— Ці добрыя пярэднія ногі ў вашага каня? — запытаў пан Мадлен.

— Вельмі добрыя. Пры спусках вы яго толькі крыху прытрымлівайце. А хіба вам шмат разоў давядзецца спускацца?

— Дык не забудзьце, у чатыры з паловаю гадзіны ля маіх дзвярэй. Не спазніцеся, сказаў Мадлен і вышаў.

Фламандзец астаўся ў дурнях, як ён сам потым расказваў. Раптам дзверы адчыніліся, і мэр зноў увайшоў. Выгляд яго як і раней быў заклапочаны і непранікальны.

— А ў колькі ацэньваеце вы экіпаж і каня, якіх вы аддаеце ў маё распараджэяне, Скофлэр? — запытаў ён.

— А хіба вы хочаце купіць іх, пан мэр?

— Не, але на ўсякі выпадак я хачу вас забяспечыць. Калі я вярнуся, вы аддасце мне грошы назад. Ітак, колькі, ях вы думаеце?

— Пяцьсот франкаў, пан мэр.

— Вазьміце.

Пан Мадлен падаў яму банкавы білет, потым вышаў і не вяртаўся больш.

Ён вярнуўся да сябе і запёрся ў сваім пакоі, што нікому не здалося дзіўным, таму што ён любіў рана класціся. У палове дзевятай гадзіны ён пагасіў свечку, што вельмі здзівіла яго служанку.

„Ці не хворы толькі пан мэр?“ падумала яна.

Пад пакоем пана Мадлена змяшчаўся касір фабрыкі. Вярнуўшыся дадому, касір лёг спаць. У поўнач ён раптам прачнуўся. Праз сон ён пачуў над сваёй галавой шум. Ён