Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вальжана. Той-жа ўзрост — яму пяцьдзесят чатыры гады, — той-жа рост і выгляд, — словам, той-жа самы чалавек. У гэты час і я падаспеў з сваім даносам. Натуральна, што мне адказалі, што я звар'яцеў і што сапраўдны Жан Вальжан у Арасе, у руках судовай улады. Вы разумееце, як гэта мяне здзівіла, — мяне, які ўяўляў, што напаў на след сапраўднага Жана Вальжана! Я напісаў судоваму следчаму, ён выклікаў мяне і прывёў на вочную стаўку Шанмат'е...

— І што-ж? — перапыніў яго Мадлен.

Жавер з сваім панурым і непранікальным выглядам адказваў:

— Ісціна астанецца ісцінай, пан мэр. Я вельмі нездаволены, але той чалавек аказаўся сапраўдным Жанам Вальжанам. Я таксама пазнаў яго.

— Вы ў гэтым упэўнены? — запытаў пан Мадлен ціхім голасам.

— О, глыбока ўпэўнены! — адказваў Жавер з сумнай усмешкай, выкліканай жалем аб усвядомленай памылцы.

І, памаўчаўшы крыху, ён задуменна дадаў:

— І цяпер, калі я бачыў сапраўднага Жана Вальжана, я нават уявіць сабе не магу, як мог я прыняць за яго каго-небудзь іншага. Прабачце мне, прашу вас, пан мэр.

І, звяртаючыся з гэтымі ўмольнымі і строгімі словамі да чалавека, шэсць тыдняў таму назад так цяжка і публічна абразіўшага яго перад падуладнымі, гэты ганарлівы чалавек быў поўны прастаты і вартасці. Пан Мадлен у адказ на гэтую просьбу раптам запытаў:

— Што-ж адказаў вам гэты чалавек?

— Яго справы кепскія, пан мэр. Калі гэта Жан Вальжан, то тут выпадак рэцыдыва. Забрацца ў чужы сад, абламаць галінку і нарваць яблыкаў — для дзіцяці гэта жарт, для дарослага — праступак, для былога катаржніка — злачынства. Тут ужо справа пракурорскай улады. Гэта не некалькі дзён арышту, а вечная катарга. Да таго-ж, яшчэ аграбленне маленькага саваяра. Ёсць над чым прызадумацца нават і не такому, як Жан Вальжан. О, ён вельмі скрытны, гэты Жан Вальжан! Напрыклад, калі і я ўжо прызнаў яго, другі-б на яго месцы замяшаўся, спалохаўся, а гэты крычыць: што ён не Жан Вальжан, ды і ўсё тут. Зрабіўшы выгляд, што нічога не разумее, гаворыць: „Я Шанмат'е, і ведаць нічога не жадаю“. Пры гэтым зрабіў такі бязглузды і здзіўлены выгляд, і нічога з ім не зробіш. Але гэта нічога не азначае. Чатыры сведкі пазналі яго, і стары гультай будзе асуджаны. Справа перанесена ў Арас. Я адпраўлюся туды для дачы паказанняў сведкі. Мяне выклікаюць.