Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

куды ён знік. Я ўявіў сабе... Адным словам, я данёс на вас прэфэкту.

Пан Мадлен зноў звярнуўся да сваіх папер і зусім спакойна і стрымана запытаў:

— І што-ж вам адказалі?

— Што я звар'яцеў. І іх была праўда.

— Добра яшчэ, што вы ў гэтым прызнаецеся.

— Так, няма чаго рабіць, тым больш, што сапраўдны Жан Вальжан зараз злоўлены нарэшце.

Ліст паперы, які трымаў пан Мадлен, выпаў у яго з рук. Ён падняў галаву, пільна зірнуў на Жавера і праказаў з нейкім дзіўным выразам.

— А!

— Вось як абстаіць справа, пан мэр, — казаў далей Жавер. — Здаецца, знайшлі кагосьці па імю Шанмат'е. Гэта жалкі стары абшарпанец, да якога нікому не было ніякай справы. Але ўвосень стары гэты быў арыштаваны за кражу яблыкаў у чыімсьці садзе. Яго схапілі на месцы злачынства і пасадзілі ў турму. Але чамусьці судоваму следчаму здалося патрэбным перавесці яго ў Арас, і тут адзін былы катаржнік, па імю Брэве, якога за добрыя паводзіны зрабілі вартаўніком, пазнаў свайго былога таварыша.

— Э, ды я яго ведаю! — ускрыкнуў ён. — Гэта Жан Вальжан! Гэты стары катаржнік.

— Пачалі дапытвацца. Жан Вальжан, Жан Вальжан, хто гэта такі? Стары пачаў адмаўляць сваё знаёмства з Брэве, але той сцвярджаў. Пачалі дашуквацца, і вось што выявілася: гэты Шанмат'е год трыццаць таму назад быў чысцільшчыкам дрэў у Фаверолі. Але тут губляюцца яго сляды. Праз доўгі час яго бачылі ў Оверне, потым у Парыжы, дзе, па яго словах, у яго была дачка-прачка. Але гэта яшчэ не даказана. Словам, вядома, што Жан Вальжан да адпраўлення на катаргу быў чысцільшчыкам дрэў у Фаверолі. Гэты Жан Вальжан называўся Жан, а маці яго была з сям'і Мат'е. У вёсцы заўсёды перакручваюць імёны, і вось Жан ператварыўся ў Шан, і яго звалі Шан Мат'е, а потым і проста Шанмат'е. Вы сочыце за маім апавяданнем, ці праўда? Навялі даведкі ў Фаверолі. Сям'і Жана Вальжана там не аказалася. Куды яна падзелася, невядома.

Сярод гэтых людзей здараецца часта, што знікае цэлы род невядома куды, і ў Фаверолі трыццаць год пасля ніхто і не памятаў Жана Вальжана. Сабралі даведкі ў Тулоне. З Брэве ў часы Жана Вальжана там было яшчэ два катаржнікі, асуджаныя пажыццёва, якія ведалі Вальжана, — гэта Кашпайль і Шэнільд'е. Іх выпісалі адтуль і ўзялі з іх паказанне. Яны, не задумваючыся, прызналі Шанмат'е за Жана