Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прадаўжаў строгім голасам, па-ранейшаму не падымаючы вачэй:

— Пан мэр, я прышоў прасіць вас, каб вы прадставілі мяне да звальнення.

Здзіўленню Мадлена не было канца. Ён хацеў штосьці сказаць, але Жавер перабіў яго:

— Вы скажаце, што я сам-бы мог падаць у адстаўку, але гэтага было-б недастаткова. Падаць у адстаўку — гэта пачэсна. Але я правінаваціўся і павінен быць пакараны. Мяне трэба выгнаць.

І, памаўчаўшы, дадаў:

— Некалькі часу таму назад вы, пан мэр, аднесліся ла мяне несправядліва строга; зрабіце-ж цяпер строга па справядлівасці.

— Але за што-ж? — ускрыкнуў Мадлен. — Што гэта за бязглуздзіца? Што ўсё гэта азначае? Які праступак зрабілі вы супроць мяне, у чым вы правінаваціліся? Вы самі сябе абвінавачваеце, хочаце каб вас змясцілі...

— Выгналі, — сказаў Жавер.

— Ну, выгналі. Добра! Але я нічога не разумею.

Жавер глыбока ўздыхнуў і таксама холадна і сумна праказаў:

— Пан мэр, шэсць тыдняў таму назад з-за той жанчыны я страшэнна на вас раззлаваўся і данёс на вас.

— Данеслі?!

— Прэфекту паліцыі ў Парыжы.

Пан Мадлен, які смяяўся таксама рэдка, як і Жавер, ўсміхнуўся.

— Як на мэра, за перавышэнне ўлады?

— Не, як на былога катаржніка.

Мэр смяртэльна пабляднеў. Жавер, не падымаючы вачэй, казаў далей:

— Я быў упэўнены ў гэтым. Даўно ў мяне з'явілася гэтае падазрэнне. Ваша падабенства, вашы даведкі ў Фаверолі, ваша сіла, выпадак з Фашлеванам, нага, якую вы злёгку валочыце, і ці мала яшчэ што! Усё глупства, вядома, але гэта давала мне повад лічыць вас нейкім Жанам Вальжанам.

— Як... як вы назвалі яго?

— Жан Вальжан. Гэта адзін катаржнік, якога я бачыў у Тулоне дваццаць год таму назад, калі я быў наглядчыкам на галерах. Вышаўшы з катаргі, гэты Жан Вальжан, здаецца, абкраў епіскапа, а потым на вялікай дарозе зрабіў яшчэ адну пакражу: адабраў грошы ў нейкага маленькага саваяра. Ужо восем год, як ён хаваецца, і ўвесь час не ведалі,