Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ХXІІ

ЯКІМ ЧЫНАМ „ЖАН“ ПЕРАТВАРЫЎСЯ Ў „ШАН“

Аднойчы раніцою, калі пан Мадлен сядзеў у сваім кабінеце, займаючыся грамадскімі справамі, паколькі меркаваў дні на два паехаць у Манфермейль, увайшла служанка і даклала, што інспектар Жавер жадае з ім пагутарыць. Пачуўшы гэтае імя, Мадлен не мог перамагчы ў сабе непрыемнага пачуцця. З часу сутычкі ў паліцыі Жавер унікаў яго больш чым калі-небудзь, і пан Мадлен ні разу не бачыў яго з таго часу.

— Прасіце! — адказваў мэр.

Жавер увайшоў. Мадлен астаўся сядзець ля пісьмовага стала з пяром у руцэ, спіною да ўвайшоўшага, не адрываючы вачэй ад ліста паперы. Выгляд Жавера быў яму непрыемны, і вобраз Фантыны мімаволі ўзнік перад ім.

Жавер пачціва пакланіўся. Але мэр па-ранейшаму сядзеў, адвярнуўшыся ад яго. Жавер зрабіў некалькі крокаў і моўчкі спыніўся.

Чалавек, які вывучыў-бы раней фізіяномію Жавера і ведаў-бы яго глыбокую нянавісць да Мадлена, асабліва пасля сутычкі з-за Фантыны, быў-бы здзіўлены зменай, якая адбылася за гэты час у яго твары. У ім не было больш ні нянавісці, ні давер'я, ні жадання помсціць. Ён спыніўся за некалькі крокаў ад крэсла мэра ў пачцівай позе і цярпліва чакаў, пакуль пан мэр зажадае звярнуцца да яго з пытаннем. Вочы былі апушчаны, у руках ён трымаў капялюш, і ад усёй фігуры яго павявала пакорлівасцю, цвёрдасцю і нейкім мужным смуткам.

Нарэшце, мэр паклаў пяро і поўабярнуўся да яго.

— Ну, што здарылася, Жавер? — запытаў ён.

Жавер памаўчаў з хвіліну, нібы збіраўся з думкамі, потым голасам, поўным урачыстасці і разам з тым шчырасці, праказаў:

— Здарылася, пан Мэр, што зроблена злачыннае дзеянне.

— Якое?

— Другарадны прадстаўнік улады аказаў непавагу да вышэйшай службовай асобы самым грубым чынам. Я, па сваім абавязку, з'явіўся дакласці аб гэтым.

— Хто-ж гэты другарадны прадстаўнік?

— Я, — адказваў Жавер.

— А вышэйшая службовая асоба?

— Вы, пан мэр.

Мадлен глядзеў на яго са здзіўленнем. Жавер, між тым,