Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён здаваўся ёй цяпер акружаным нейкім святлом. Яна доўга глядзела на яго, не адважваючыся назваць па імю. Нарэшце яна палахліва праказала:

— Што вы тут робіце?

Пан Мадлен стаяў тут ужо каля гадзіны. Ён чакаў, каб Фантына прачнулася. Ён узяў яе руку, памацаў пульс і сказаў:

— Як вы сябе адчуваеце?

— Добра. Я выспалася і думаю, што мне значна лепш, — адказала яна. — Гэта пройдзе.

Пан Мадлен на працягу вечара і раніцы дазнаўся пра ўсё. Ён ведаў цяпер усе пакутлівыя падрабязнасці гісторыі з Фантынай. Ён сказаў:

— Вы вельмі мучыліся, бедная маці. О, не скардзіцеся! Вам выпаў лёс абраннікаў. Бачыце, тое пекла з якога вы вышлі, ёсць праддзвер'е нябёсаў. Трэба прайсці праз яго.

І ён глыбока ўздыхнуў. Яна ўжо ўсміхалася сваёй ласкавай усмешкай, якая адкрывала яе бяззубы рот.

Жавер у гэту самую ноч напісаў пісьмо. Ён сам аднёс яго на пошту раніцой на другі дзёнь. Яно было адрасавана ў Парыж на імя пана Шабулье, сакратара паліцэйскага прэфекта. Цікаўныя, даведаўшыся пра гэта, рашылі, што Жавер паслаў прашэнне аб адстаўцы.

Пан Мадлен паспяшаўся напісаць Тэнард'е. Фантына была ім вінна сто дваццаць франкаў; ён паслаў ім трыста, даручыўшы на гэтыя грошы таксама даставіць дзяўчынку адразу-ж у М., да маці.

Гэтая нечаканасць асляпіла дастойных супругаў Тэнард'е.

— Чорт вазьмі! — ускрыкнуў ён. — Мы дзяўчынку цяпер не адпусцім. Птушачка ператварылася ў дойную караву. Я дагадваюся: відаць, у маці справы пайшлі на лад,

Ён паслаў у адказ акуратна складзены рахунак на пяцьсот франкаў. У гэты рахунак увайшлі нечакана грошы, страчаныя ім на лячэнне сваіх дачок. Казета, як вядома, не была хворая. Знізу ён прыпісаў: „Трыста франкаў атрымаў поўнасцю“.

Пан Мадлен паслаў яшчэ трыста франкаў з просьбай адразу-ж даставіць дзіця.

— Цудоўна! — ускрыкнуў Тэнард'е. — Ні за што не выпусцім дзіця!

Фантына, між тым, не папраўлялася. Яна ўсё яшчэ была ў больніцы.

Сёстры спачатку з агідай даглядалі „гэтую істоту“. Але, праз некалькі дзён Фантына іх абяззброіла. Словы яе былі поўны ласкі і пакоры, а мацярынскія пачуцці, якія жылі ў ёй, узрушвалі паняволі. Аднойчы сёстры чулі, як яна пра-