Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Прашу прабачэння: абраза мэра датычыць не яго асабіста, а ёсць справа правасуддзя.

— Інспектар Жавер, — адказаў Мадлен, — вышэйшы суддзя — гэта сумленне. Я чуў, што гаварыла гэтая жанчына. Я разумею, што я зрабіў.

— А я, пан мэр, не разумею, што я бачу.

— У такім выпадку падпарадкоўвайцеся.

— Я падпарадкоўваюся свайму абавязку. Мой абавязак мне загадвае, каб гэтая жанчына была пасаджана на шэсць месяцаў у турму.

— Паслухайце мяне, што я вам кажу, — лагодна адказаў пан Мадлен: — яна не правядзе там ніводнага дня.

Пры гэтых рашучых словах Жавер адважыўся пільна паглядзець на мэра і вымавіў па-ранейшаму пачцівым тонам:

— Я глыбока засмучоны, што мне прыдзецца не паслухаць пана мэра ў першы раз у жыцці, але дазвольце мне заўважыць вам, што я дзейнічаю ў сферы маёй улады. Па вашаму жаданню, я спынюся толькі на выпадку з абываталем. Я якраз у гэты час быў на вуліцы і бачыў, як гэтая істота кінулася на яго. Гэты выпадак вулічнага беспарадку нельга пакінуць беспакараным, пан мэр, і я затрымаю гэтую жанчыну, па імю Фантына.

Тады пан Мадлен скрыжаваў на грудзях рукі і строгім, дасюль нікім нечуваным голасам сказаў:

— Выпадак, пра які вы гаворыце, датычыць таксама і гарадской улады. На падставе дзевятага, адзінаццатага, пятнаццатага і шэсцьдзесят шостага артыкулаў закона мне таксама прадастаўлены правы суддзі. Я загадваю адпусціць гэтую жанчыну на волю.

— Але, пан мэр... — паспрабаваў яшчэ раз пярэчыць Жавер.

— Ні слова больш.

— Аднак-жа...

— Пайдзіце вон, — сказаў Мадлен.

Жавер цвёрда знёс удар. Ёй нізка пакланіўся мэру і вышаў.

Фантына адсунулася ад дзвярэй і са здзіўленнем паглядзела ўслед за ім.

Яна была глыбока ўзрушана. Яна бачыла сябе прычынай барацьбы двух улад. Ў яе вачах два чалавекі, якія аднолькава трымалі ў сваёй уладзе яе волю, жыццё, яе душу, яе дзіця, цягнулі яе кожны ў свой бок — адзін да цемры, другі да святла. У гэтай барацьбе гэтыя два чалавекі здаваліся ёй двума гігантамі. Вызваліцель быў іменна абражаны ёю чалавек, той мэр, якога яна так доўга лічыла прычынай усіх сваіх няшчасцяў, той Мадлен, якога яна так глыбока